На заводзе «Аліварыя» пасяліўся вампір


Што такое Гэлаўін, ведаюць і дзеці, і дарослыя. Але чаму гэтае свята сталася папулярным у нашай краіне? Паспрабуем разабрацца ў піваварні «Аліварыя», дзе з нагоды Гэлаўіну зладзілі экскурсію «Жахі найстарэйшага піўзаводу».

Паводле працаўнікоў піваварні, атмасфера старога бровару цалкам спрыяе таму, каб уявіць, што тут могуць з’явіцца прывіды або духі.

Яна Асадчая, дмыслоўца ў карпаратыўных стасунках: «Нам захацелася нейкага свята, падзяліцца з людзьмі нашаю гісторыяй у такім незвычайным фармаце. Я думаю, гэта цікава. Будынак для гэтага прыдатны, ён пабудаваны ў канцы ХІХ стагоддзя, духі з намі размаўляюць і цягам усёй працы дапамагаюць нам».

На экскурсіі можна было пазнаёміцца з гісторыяй піваварні ў сапраўднай гэлаўінаўскай атмасферы. Тут былі і вядзьмаркі, і пярэваратні, і колішні ўласнік «Аліварыі» граф Чапскі ў вобразе вампіра. Паводле наведнікаў, сумясціць Гэлаўін з цікавай экскурсіяй па бровары – цікавая ды арыгінальная ідэя.

Наведнікі экскурсіі:

«На піўзавод на экскурсію хацеў трапіць даўно, а тут такая нагода! То чаму б і не?»

«Цікава было хаця б раз паглядзець нешта незвычайнае. І ў цэлым, дарэчы, вельмі добра падрыхтаваліся».

«Нагода, каб проста падурэць».

Гэлаўін – свята міжнароднае, яно ідзе з культуры старажытных кельтаў. Традыцыйна яго адзначалі ў англамоўных краінах, а ў канцы мінулага стагоддзя Гэлаўін зрабіўся папулярным у большасці краінаў свету, у тым ліку ў Беларусі.

Часта свята ў пэўнай краіне набывае свой непаўторны каларыт. Адное нязменна: ліхтары з гарбузоў і касцюмы – чым больш жахлівыя, тым лепш.

Марыя Арцыбашава, «Белсат»