На якім этапе знаходзіцца будаванне ІТ-краіны?


Роўна год, як Аляксандр Лукашэнка падпісаў нашумелы Дэкрэт аб развіцці лічбавай эканомікі. Тады яго аўтары казалі, што ён пераўтворыць Беларусь у славянскі Гон-Конг. Давайце спраўдзім, на якім этапе цяпер будаванне ІТ-краіны?

Пакуль што больш за ўсіх хваліцца вынікамі працы і ўмовамі паводле дэкрэту кіраўніцтва Парк высокіх тэхналогіяў. Колькасць рэзідэнтаў там толькі за першыя дзевяць месяцаў сёлета вырасла больш як удвая і склала 388 кампаніяў. Летась экспарт кампаніяў ПВТ перавысіў суму 1 мільярд долараў. Сёлета можна чакаць большага паказніку.

«Галоўнае – гэта змены палітыкі прыёму ў ПВТ. Цяпер прасцей стартапам і камандам, у якіх нічога пакуль няма, уступіць у ПВТ. Бо ў папярэдняга кіраўніцтва была такая палітыка, што толькі сталыя кампаніі маглі ўступаць у ПВТ», – тлумачыць Сяргей Лаўрыненка, ІТ-менеджар.

Адмыслоўцы адзначаюць, што дзякуючы дэкрэту, шмат кампаніяў і фрылансэраў, якія раней працавалі паводле шэрых схемаў, цяпер выйшлі ў белую зону і пачалі плаціць падаткі ў Беларусі, бо гэтак зрабілася проста зручней. У той жа момант, вялікую ўвагу да Беларусі прыцягнуў дазвол рэзідэнтам ПВТ карыстацца крыптавалютамі.

Станіслаў Івашкевіч, аўтар праграмы «Давайце разбірацца» на «Белсаце»:

«Разлікі ў крыптавалютах яшчэ ніхто не прыдумаў, як кантраляваць. Адпаведна, яны ёсць урадлівай глебаю для рознага кшталту махінацыяў. У прынцыпе, мы ўжо бачылі неаднаразова, як улады Беларусі спрабуюць прыцягнуць розныя шэрыя капіталы – сербскі, арабскі, і скарыстацца гэтым як для айчыннай эканомікі, так і магчыма для нейкіх сваіх інтарэсаў».

Яшчэ адна праблема беларускага ІТ-сектару – ён займае менш за 5 адсоткаў у эканоміцы краіны. Хоць і некаторыя беларускія кампаніі карыстаюцца айчыннымі ІТ-распрацоўкамі, іх колькасць пакуль вельмі малая. Прычына – у самой эканамічнай сістэме краіны і тэхнічным укладзе.

«Увесь наш ІТ, які працуе на экспарт, зарабляе грошы, якія ідуць з фінансавай сістэмы, дзе кошт грошай вельмі танны. Там грошы даюць пад два адсоткі, пад адзін, нават ёсць прыклады, калі даюць грошы пад адмоўны адсотак, каб гэтыя буйныя кампаніі працавалі. У тым ліку заказвалі софт, у тым ліку і ў Беларусі. У нашых кампаніяў такіх умоваў няма», – дадае Сяргей Лаўрыненка, ІТ-менеджар.

У той жа момант, эксперты сцвярджаюць, што пакуль не назіраецца інвестыцыйнага буму ў краіне, хоць дэкрэт аб развіцці лічбавай эканомікі істотна паслабіў заканадаўства для замежных інвестараў. І пакуль нашэсця багатых замежных кампаніяў у Беларусь не прадбачыцца.

«Замежныя інвестары добра ведаюць інвестыцыйную гісторыю Беларусі. Што самыя ліберальныя нормы могуць быць змененыя заўтра, калі кіраўнік краіны падняўся не з той нагі, а потым вернутыя яшчэ праз дзень», – тлумачыць Станіслаў Івашкевіч, аўтар праграмы «Давайце разбірацца» на «Белсаце».

А грошы, як той казаў, любяць цішыню. І пакуль у Беларусі, хоць з афіцыйных трыбунаў шмат кажуць пра стабільнасць, гэтага фактару якраз і бракуе.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu

Hавiны
Год пасля Дэкрэту № 8: ці стала Беларусь ІТ-краінаю?
2018.12.21 13:50