На выставу «СМІ ў Беларусі» ўпершыню запрасілі БАЖ


Стэнд БАЖ на XXIII міжнароднай спецыялізаванай выставе «СМІ ў Беларусі». Фота – Ірына Арахоўская / «Белсат»

Раней на імпрэзе было толькі пра дзяржаўныя і камерцыйныя медыі, цяпер – гэтаксама і пра незалежную журналістыку.

Упершыню на штогадовай выставе «СМІ ў Беларусі» сёлета бярэ ўдзел Беларуская асацыяцыя журналістаў.

«Звычайна на выставе гучаць пахвальныя нейкія водгукі, усе расказваюць, як усе добра ў медыясферы, якое ў нас добрае заканадаўства, як добра распаўсюджваць выданні. У гэтым годзе мы ўдзельнічаем дзеля таго, каб расказаць, што не ўсе так добра», – кажа намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.

намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі. Фота – Ірына Арахоўская / «Белсат»

А распавесці ёсць пра што: паводле міжнароднай арганізацыі «Рэпарцёры без межаў», Беларусь займае 153-е месца са 180-ці у індэксе свабоды прэсы. Паміж Брунеем і Конга.

«Сітуацыя са свабодай прэсы ў Беларусі адрозніваецца ад суседніх краінаў вельмі высокай ступенню дзяржаўнага кантролю над медыямі, і гэты кантроль распаўсюджваецца, мы бачым, і на інтэрнэт-СМІ зараз», – кажа старшыня арганізацыі Андрэй Бастунец.

Рэпартаж Яна Вярбіцкага з выставы СМІ ў Беларусі глядзіце ў поўным выданні навінаў за 2 мая:

«Калі раней мы больш баяліся фізічнага гвалту, то цяпер тыя журналісты, якія працуюць на незалежныя медыя, якія вядуць вяшчанне з-за мяжы, такія, як «Белсат», больш сутыкаюцца са штрафамі», – кажа медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі.

Сёлета нашых журналістаў аштрафавалі на Br 32 768. Нягледзячы на прыгожыя словы прадстаўнікоў уладаў.

Выстава «СМІ ў Беларусі» працягнецца да 4-га траўня. Уваход вольны для ўсіх ахвотных.

Ян Вярбіцкі, «Белсат»