На вяселле прынца Гэры і Меган Маркл прыйшло 600 гасцей


Увага не толькі Вялікай Брытаніі, але без перабольшання ўсяго свету сёння была прыкутая да Ўіндзарскага замку, летняй рэзідэнцыі каралеўскай сям’і. Тут, у часоўні святога Георгія, шлюбам пабраліся шосты з ліку прэтэндэнт на каралеўскі пасад прынц Гэры і амерыканская акторка Мэган Маркл.

Прадстаўнікі каралеўскае сям’і, зоркі шоу-бізнесу і спорту ды іншыя вядомыя асобы назіралі за велічнаю падзеяй. Знакаміты спявак Элтан Джон, які быў сябрам прынцэсы Даены, маці прынца Гэры, дзеля таго, каб прысутнічаць на цырымоніі, адмяніў два сваіх канцэрты. На самую цырымонію шлюбу запрасілі 600 гасцей.

«Гэта маляўніча, бачыць так шмат людзей, якія сабраліся з усіх пластоў грамадства, з розных краінаў, нават людзі, якія жывуць тут побач, якія не прыходзяць сюды часта», – дзяліўся з журналістамі мясцовы жыхар.

Ужо маючы тытул герцага Сасэкскага, прынц Гэры мае невялікі шанец апынуцца на каралеўскім троне Брытаніі. Таму не Лондан, а Ўіндзар. Не Ўэстмінстэрскае абацтва, а часоўня Святога Георгія.

«Гэта было абсалютна пышна. Насамрэч, гэта было прыгожа, быць часткаю гісторыі, убачыць гэта так блізка, яна была абсалютна зіхатлівая, яна зіхацела, Гэры выглядаў такім шчаслівым, вы маглі бачыць радасць у ягоных вачах. Мы былі так блізка, і гэта было проста выдатна», – казала адна з прысутных у Ўіндзары.

Самую цырымонію паглядзелі мільёны гледачоў ува ўсім свеце, афіцыйная трансляцыя на «Ют’юбе» адначасова збірала каля мільёна карыстальнікаў. Але нягледзячы на ажыятаж, не паказвалі цырымонію дзяржаўныя каналы ў Расеі. Адметна, што ранейшая падобная трансляцыя, шлюб старэйшага брата Гэры прынца Ўільяма ў 2011 годзе, на першым расейскім канале сабраў тры з паловаю мільёны гледачоў.

Міхась Слаўнікаў; фота – Andrew Matthews/Pool/Reuters/Forum