На Віцебшчыне перакулілася фура з сывараткай


Ехаў па жвіры – патрапіў у ДТЗ. Ля вёскі Зарубіна на Віцебшчыне перакулілася фура з сывараткай. Гэта далёка не першы інцыдэнт на небяспечным участку аб’язной шашы, якою мімаход Глыбокага ідзе грузавы транспарт. Між тым абяцанні пра асфальтаванне дарогі перакладаюцца на наступны год.

На шчасце, кіроўца не пацярпеў… Фура з сывараткаю перакулілася з дарогі, якая мае «плывучую» узбочыну.

«Толькі за 2019 год 9 машын на нашых вачах пайшло ў кювет. Не толькі фуры, але і машыны сельгаспрадпрыемстваў, асабліва па зіме. Не столькі галалёдзіца вінаватая, колькі геаметрыя дарогі. Узбочыны «плывучыя», – кажа Максім Козінцаў, жыхар вёскі Зарубіна.

Месца, праехаць якое не дапамагае аніякая стратэгія, знаходзіцца паўкіламетра ад вёскі Зарубіна ў Глыбоцкім раёне. Не заліты асфальтам адцінак на дарозе Лаўцы-Зарубіна складае 1200 метраў. Распавядае Зміцер Лупач, журналіст, Глыбокае:

«Колькі гадоў таму ўлады вырашылі ўвесь транспарт, які ідзе на малочнакансервавы завод і камбікормавы камбінат і іншыя, пусціць мімаход гораду Глыбокае. Рашэнне добрае, але трэба было зрабіць і ўмовы для гэтага».

Некаторыя дарогі ў сельскай мясцовасці чакаюць на рамонт і 10 гадоў, але не тыя, што пагражаюць жыццю і нішчаць транспарт. Яшчэ ўвесну 2017-га кіраўнік мясцовага райвыканкаму Алег Мохарт планаваў: «Ёсць планы на Зарубіна. Працуем каб на абʼязную на Лаўцы туды зрабіць кавалачак, будзем рыхтаваць».

Што пайшло не так, сёння ў райвыканкаме «Белсату» каментаваць адмовіліся. Апроч гэтага адцінку грамадскасць цікавіцца 400-метровай плямаю без асфальту: ад знаку гораду Глыбокае да чыгуначнага пераезду.

«Тут сканчаецца тая тэрыторыя, за якую адказваюць дарожнікі, а там далей ужо глыбоцкая камунальная гаспадарка. І ўжо колькі гадоў на гэта не могуць знайсці сродкаў», – тлумачыць журналіст Зміцер Лупач, Глыбокае.

Знішчыла гэтае пакрыццё ваенная тэхніка падчас вучэнняў «Захад-2017». Вайскоўцы пакінулі мясцовым рэшата, на якім трасе малакавозы і раскідвае зерне штогод пад час збору ўраджаю.

Юлія Цяльпук, belsat.eu