На Віцебшчыне людзі два месяцы без вады. Чыноўнікі: пацярпіце


Амаль два месяцы жыхары вуліцы Кірава ў Глыбокім сядзяць без вады. Часам знікае сувязь ды інтэрнэт. У некаторых – праблемы з ацяпленнем, якое таксама завязанае на ваду.

Хацелі зрабіць лепш, атрымалася як заўсёды

«Я не магу падʼехаць да дому, я ІП, я не магу ажыццяўляць дзейнасць, за кошт якой я жыву. Вось чалавек працуе – «Аўтамір» крама – таксама не можа ажыццяўляць дзейнасць», – абураецца мясцовая жыхарка Ганна Мартыноўская.

А пачалося ўсё з добрай справы – у Глыбокім вырашылі зрабіць агульнагарадскую каналізацыю. Да гэтай пары дваццацітысячны горад яе папросту не меў. А спраектаваць яе было няпроста.

«У Глыбокім вельмі складаны рэльеф – яры, рэчкі, азёры, пагоркі – гэта вельмі ўплывае на само праектаванне», – тлумачыць інжынер-будаўнік Уладзімір Скрабатун.

Чыноўнікі адмаўляюцца размаўляць з прэсай

Сёлета горад атрымаў $ 8.5 млн. займу ад Сусветнага банку рэканструкцыі і развіцця на будову каналізацыі. Увесну пачаліся працы. Вось толькі калі яны скончацца – ніхто глыбачанам не паведаміў.

«Нідзе ні ў прэсе, ні ў інтэрнэце няма ні слова пра тое, што будзе далей. Улады ж усё плануюць – відаць ёсць праект, проста так жа не бывае. Таму мне цікава – а калі гэта ўсё скончыцца?», – кажа Ганна Мартыноўская.

Даваць каментары незалежным журналістам мясцовыя кіраўнікі ўвогуле адмаўляюцца. Але адсутнасць інфармавання – не адзіная праблема, звязаная з будаўніцтвам. Жыхароў вуліцы Кірава змусілі наноў набываць матэрыялы для падключэння да агульнай водаправоднай трубы, бо стары водаправод пашкодзілі падчас будаўнічых працаў.

«Усе падлучыліся да цэнтральнай трубы – мае суседзі. Набылі вентылі, перахаднікі, а мая труба засталася ляжаць. То бок іх падключаць, бо яны ўсё набылі. Але чакайце, чаму я яшчэ раз павінна ўсё гэта набываць?», – пытае спадарыня Мартыноўская.

Галоўная перашкода – абыякавасць і безгаспадарлівасць

Уладзімір Скрабатун, які пятнаццаць гадоў працаваў у Латвіі на будове падземных камунікацыяў, звяртае ўвагу і на тэхніку бяспекі. Глыбіня траншэі на вуліцы Кірава дасягае сямі метраў, яна амаль нічым не абгароджаная. У такіх выпадках забіваюцца ўмацавальныя слупы ўздоўж усёй траншэі, дзеліцца латвійскім досведам спадар Уладзімір.

«Яны мацавалі берагі траншэі. Або драўляныя шчыты на распорках, каб грунт не рассыпаўся і не падаў у траншэю разам з бардзюрам, з асфальтам і перадусім з людзьмі можна ўпасці», – папярэджвае Уладзімір Скрабатун.

Кавалкі асфальту, што ссоўваюцца ў траншэю, могуць пашкодзіць і ўжо разбураюць пракладзеныя там камунікацыі.

Будаўнікам у пракладанні трубаў на вялікай глыбіні перашкаджаюць асаблівасці грунту, плывуны і падземныя крыніцы. Але найбольш, напэўна, перашкаджаюць абыякавасць і безгаспадарлівасць.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»