На Случчыне спілавалі крыж у гонар паўстанцаў


Адну з найважнейшых падзеяў беларускай гісторыі ўлады хочуць ці то забыць, ці то замаўчаць. Акцыю памяці на 97-ую гадавіну Слуцкага збройнага чыну ладзяць грамадскія актывісты.

Каля паўсотні сябраў Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ прыехалі на Случчыну, каб узяць удзел у імпрэзах, прысвечаных ушанаванню памяці Слуцкага збройнага чыну. Спачатку актывісты наведалі вёскі Грозава і Семежава Капыльскага раёну. Менавіта тут амаль стагоддзе таму ішла барацьба за Беларусь.

Але памяць пра гэта, як відаць, камусьці замінае. Ля мястэчка Чырвоная Слабада (раней – Вызна) аказаўся спілаваны крыж, які актывісты раней усталявалі ў гонар паўстанцаў.

«Святар вось гэтай царквы падгаварыў бяздомных – і яны спілавалі… Ну, фактычна, ён сам, сваймі рукамі, спілаваў гэты крыж. Таму што гэта быў рускі поп», – кажа намеснік старшыні КХП БНФ Сяргей Папкоў.

Але памяць пра паўстанне гэтак проста не знішчыць. Дэмакратычныя актывісты намагаюцца рабіць усё, каб як мага больш людзей ведала пра Слуцкі збройны чын. Заснавальнікі ініцыятывы «Дзея», не зважаючы на перашкоды, збіраюць грошы на ўсталяванне помніку.

«Помнік у любым разе павінен стаяць. І ўвогуле, помнікі слуцкім паўстанцам, я лічу, павінныя стаяць ва ўсіх мясцінах і гарадах Беларусі, таму што гэта падзея пра беларускую незалежнасць», – лічыць Аліна Нагорная з ініцыятывы «Дзея».

Пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына. Некаторыя гісторыкі мяркуюць, што ў Слуцкім збройным чыне бралі ўдзел да 15-ці тысячаў чалавек, у асноўным – звычайныя сяляне, якія добраахвотна падтрымалі барацьбу за незалежнасць. Нягледзячы на нястачу ўзбраення ды амуніцыі, несуразмерныя колькасныя сілы бакоў, больш за месяц два слуцкія палкі змагаліся з бальшавікамі.

Юрыст і актывіст Ігар Случак кажа, што «галоўнае было – проста выказацца, выступіць – як 300 спартанцаў – і паказаць моц і іншым краінам, і тым жа самым сваім ворагам, што ў нас ёсць краіна».

Пасля экскурсіяў па галоўных мясцінах баявых дзеянняў актывісты прыехалі ў Слуцк, дзе адбыліся шэсце і мітынг у гонар герояў.

«Гэта свята беларусаў. А ўлада ў нас акупацыйная, маскоўская. Ну, ці стаўленікі, якія служаць маскоўскай уладзе», – заяўляе Юрый Беленькі, намеснік старшыні КХП-БНФ.

А таму і выціскаюць сённяшнія ўлады актывістаў на ўскраіны, здымаючы на камеры. У іх свая памяць.

Сцяпан Святлоў