На Случчыне адзначылі 99-ыя ўгодкі Збройнага чыну


«Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына», – такі быў надпіс на штандары з Пагоняй, які стаў галоўным лозунгам і галоўным сімвалам слуцкіх паўстанцаў. У лістападзе–снежні 1920 года каля 10 тысяч паўстанцаў больш за месяц вялі баі з сіламі Чырвонай арміі па ўсёй Случчыне. Яны змагаліся супраць бальшавіцкага прыгнёту і за ўладу Беларускай Народнай Рэспублікі. Грозава, Семежава, Вызна, Цімкавічы, Капыль, Слуцк ды іншыя гарады і мястэчкі былі месцамі баёў.

Некаторыя з гэтых мясцінаў наведалі актывісты Кансерватыўна-хрысціянскай партыі – БНФ ды іх прыхільнікі, каб ушанаваць памяць героеў-случакоў – змагароў за свабоду і незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі, – у 99-ую гадавіну Слуцкага збройнага чыну.

Першае месца – Грозава. Акурат тут быў сфармаваны Другі Грозаўскі полк, які разам са Слуцкім палком ўваходзіў у Слуцкую брыгаду.

«Слуцкі збройны чын – гэта было змаганне за незалежную Беларусь. Гэта нам знак і напамін, што ўжо ў тыя часы беларусы за сваю Айчыну і краіну бралі зброю», – кажа намеснік старшыні КХП БНФ Юры Беленькі.

Яшчэ адно месца гістарычных падзеяў – вёска Семежава. Тут размяшчалася камандаванне Слуцкага палка на чале з Антонам Сокалам-Кутылоўскім. Тут быў добра арганізаваны вайсковы шпіталь і суд. Таму за Семежава ішлі цяжкія баі – цягам месяца некалькі разоў яго адбівала Чырвоная армія, а затым ізноў займалі паўстанцы. Як і ў Грозава, кветкі і свечкі да памятнага знака ўдзельнікі акцыі тут ускладалі пры поўнай адсутнасці мясцовых жыхароў. Актывісты кажуць, што таму ёсць прычыны.

«Мясцовыя жыхары хацелі б прыйсці і паслухаць праўду, але яны сядзяць па хатах. Бо вось праз гэты сельсавет, праз адміністрацыі прадпрыемстваў, дзе яны працуюць, ім было забаронена прыходзіць – вось так дзейнічае гэтая ўлада», – кажа сябра КХП БНФ Алесь Чахольскі.

Малаўзброеныя, не навучаныя ваяваць слуцкія сяляне не маглі доўга супрацьстаяць сілам Чырвонай арміі. Напрыканцы снежня 1920 года камандаванне войскамі слуцкіх паўстанцаў у Баранавічах прыняло рашэнне спыніць ваенныя дзеянні і адвесці беларускія аддзелы на тэрыторыю, занятую палякамі. Там польскія ўлады раззброілі каля паўтары тысячы паўстанцаў-случакоў, а затым вярнулі іх бальшавікам. Усіх вернутых рэпрэсавалі: забілі, саслалі ў Сібір, а памяць пра іх знішчылі.

«Я веру, што случакі ўзгадаюць сваіх продкаў-героеў, а Слуцкі збройны чын будзе святкавацца на дзяржаўным узроўні», – кажа сябра КХП БНФ Ігар Шчамялёў.

Святкаванне 99-х угодкаў Слуцкага збройнага чыну завершылася мітынгам у Слуцку. У гэтыя дні, калі наноў паўстала пытанне незалежнасці Беларусі, арганізатары памятнай акцыі яшчэ раз нагадалі ўдзельнікам і прысутным пра лозунг, пад якім случакі паднялі паўстанне: «Каб жыла Бацькаўшчына».

Галіна Абакунчык, «Белсат»