На Слонімшчыне трактарысты зладзілі страйк


Цярплівасць скончылася. Працаўнікі аграгаспадаркі «Новадзявяткавічы» на мінулым тыдні адмовіліся выходзіць на працу: паўсталі супраць хамскага стаўлення кіраўніка. Улагоджваць пратэстоўцаў прыехала кіраўніцтва Слонімскага раёну.

«Чаму вы не працуеце, мужыкі? Чаму не ідзяце? Прапановаў ніякіх, толькі як ва Украіне, зараз забастуем і вайну пачнем. Што будзе далей?» – кажа старшыня Слонімскага выканкаму Генадзь Хоміч.

Забастоўка. Генадзь Хоміч спрабуе залагодзіць канфлікт паміж працаўнікамі ды кіраўніком аграгаспадаркі «Новадзявяткавічы», дзе трактарысты адмовіліся выходзіць на працу.

«Мы разбярэмся. Я не думаю, што Акуліч нават захоча пасля гэтага з вамі працаваць», – заяўляе старшыня Слонімскага выканкаму.

На што механізатар адказвае: «Ён учора сказаў: «Я буду працаваць, нават калі вы памраце».

Працаўнікі абураныя стаўленнем да іх кіраўніка аграпрадпрыемства Уладзіміра Акуліча ды вырашылі дабівацца ягонай адстаўкі.

«Такое адчуванне, што мы для яго рабы, а ён для нас цар. З-за гэтага ўсё і пачалося, гэтая забастоўка», – распавядае трактарыст-машыніст Максім Крывіцкі.

На пытанне, што будзе, калі кіраўніка не звольняць, адказвае:

«Ну, будзем зноў нейкія меры прымаць, будзем баставаць і штосьці вырашаць, таму што ўсе, хто тут працуюць пад ягоным кіраўніцтвам, працаваць далей не хочуць».

Старшыня выканкаму ўгаварыў трактарыстаў выйсці на працу. Сам Уладзімір Акуліч на сустрэчы не прысутнічаў, бо на бальнічным.

Год таму прадпрыемства «Новадзявяткавічы» абвесцілі банкрутам, на той момант запазычанасць перад крэдыторамі складала каля $ 5,5 млн. Да 2020 года на прадпрыемстве ўвялі санацыю.

«У параўнанні з папярэднімі дырэктарамі ўсё і сеецца, і арэцца, і ўгнаенні ёсць, і паліва ёсць, і заробкі пастаянна 31-га чысла», – зазначае жывёлавод Уладзімір Жук.

Банкрутаў у Слонімскім раёне – шэсць з 14-ці гаспадарак. Паводле рашэння суду, падставаў для ліквідацыі прадпрыемства няма.

«Не змаглі ў мінулым годзе нарыхтаваць болей кармоў. У гэтым пастараемся паднаціснуць. У астатнім, людзі працуюць, людзі хочуць працаваць, заробкі, з боку механізатараў, цяпер, калі быў бунт, чуў, што заробкі і паўтары тысячы рублёў», – кажа галоўны аграном аграгаспадаркі Юрый Якімовіч.

Праўда, добрыя заробкі атрымлівалі адзінкі і толькі падчас пасяўной. Зіму ж трактарысты прасядзелі амаль без працы ды без грошай. Сярэдні заробак на прадпрыемстве блізкі да мінімалкі.

Як толькі дазналіся, што здымачная група «Белсату» прыехала размаўляць з трактарыстамі, сюды ж прыехала кіраўніцтва гаспадаркі, а таксама прадстаўнікі выканкаму, і забаранілі журналістам праводзіць здымкі. Забаранілі размаўляць з трактарыстамі, а самі адмовіліся даваць каментары.

Бо, няма інфармацыі – няма праблемы. А вось галоснасць прымушае чыноўнікаў гэтыя праблемы развязваць, і жыхарам Новадзявяткавічаў гэта добра вядома. Паўгода таму вяскоўцы пратэставалі пасля таго, як ім забаранялі трымаць свіней. Тады пасля сходаў і сюжэтаў у медыях пытанне вырашылася на карысць жыхароў.

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа – з «Youtube» Gs.by