На што здольныя беларускія дэсантнікі


2 жніўня адзначаецца Дзень Ваенна-паветраных сілаў. Дэсантнікі могуць уразіць адмысловымі трукамі, сілай ды вынослівасцю. Але сёння – святкуюць.

Жыхары Менску кажуць:

«Нас калі выпускалі, сказалі, што павінна быць гонар і годнасць, і яго ніколі нельга траціць. Тым больш вось так у фантанах купацца, я не ведаю, гэта старое пакаленне дэсантнікаў, у іх заведзена. У нас новае пакаленне – і я ні разу такога не рабіў».

«Яны замест таго, каб зрабіць нейкія добрыя справы, яны плаваюць у басейнах, у гарадскіх фантанах, і паводзяць сябе па-хуліганску. Да кожнага спрабуюць прычапіцца».

«Гэта ад людзей усё ж залежыць, бо некаторыя лічаць, што калі ты служыў у ПДВ, то табе мора па калена».

«Гэта больш праблемаў усім: і моладзі, якая гуляе ўвечары, і міліцыі, якой даводзіцца выходзіць у рэйды».

Дэсантнікі ўваходзяць у склад Сілаў адмысловых аперацыяў. Іх лік – каля шасці тысячаў. Гэта спадкаемцы Паветрана-дэсантных войскаў і Галоўнага выведнага ўпраўлення часу СССР. Пасля рэформы ў 2007 годзе новае фармаванне ўключае ў сябе дэсантнікаў дзвюх брыгадаў з Берасця і Віцебску, а таксама да іх прымыкае вайсковая частка ў Мар’інай Горцы.

Міністэрства абароны кажа, што гэтыя сілы «…адмыслова створаныя, навучаныя і абсталяваныя злучэнні, вайсковыя часткі ды падраздзяленні Узброеных Сілаў Рэспублікі Беларусь, прызначаныя для развязання адмысловых задачаў у інтарэсах дасягнення [і тут увага] палітычных, вайсковых, эканамічных і псіхалагічных мэтаў».

А як бачаць шараговыя грамадзяне дасягненні дэсантнікаў за часы незалежнае Беларусі?

Жыхары Берасця кажуць:

«Для мяне – нічога. Шчыра. Я б нічога не заўважыла і нічога не сказала, каб я пабачыла, што яны нешта зрабілі».

«Пільнуюць яны правільна. У любым выпадку, пры нейкіх момантах, калі спатрэбіцца іх дапамога, мяркую, яны заўсёды зрэагуюць».

«Апошнім часам нічога. Калі лічыць даўно, то, можа, яны дзесьці штосьці і рабілі для нашай краіны, а цяпер, я лічу, як і армія ў прынцыпе, нічога не робіцца. Проста адслужыць, вярнуцца і ўсё».

Але дэсантнікі святкуюць. І каб іхнаму святу не перашкодзілі ў Берасці, мясцовыя ўлады не далі дазволу на мітынг супраць акумулятарнага заводу ў бліжэйшую нядзелю.

«У сувязі з правядзеннем запланаванага раней спартыўнага свята «Дэсант за здаровы лад жыцця!», прысвечанага Дню дэсантнікаў і спецыяльных сіл Рэспублікі Беларусь», – адзначаецца ў адказе Берасцейскага гарвыканкаму.

Раней таксама адмаўлялі, бо была іншая імпрэза. Цяпер свята дэсантнікаў.

«Улады спрабуюць ціснуць на актывістаў: ідзе сталае праслухоўванне, пераслед, затрыманні, апытанні – то бок, улады ўсімі спосабамі спрабуюць задавіць гэты пратэст, але, мяркую, людзі ўжо перайшлі гэтую мяжу, іх ужо не запужаеш», – адзначае праваабаронца Раман Кісляк.

Колькі дзён перад святам у Берасці паўстаў помнік дэсантніку. Герой Сцёпачкін з расейскага мультфільму. У гарвыканкаме кажуць, што гэта падарунак ад дэсантнікаў Расеі і Беларусі.

Жыхары Берасця кажуць:

«На выпадак вайны, канечне, не дай бог, але я лічу, што гэта будуць адныя з першых людзей, якія будуць бараніць сваю радзіму. Гэта вельмі высокамаральныя людзі».

«Чаму не адзначаць, каб толькі гэта было па-чалавечы і без крыку, без выпінання».

«У кожнага ёсць сваё прафесійнае свята. Свята як свята. Дрэнна толькі тое, што адбываецца пасля гэтага свята. Але, што зробіш, гэта культура».

Або адсутнасць культуры. На жаль, вельмі сурʼёзныя вайсковыя брыгады часта выклікаюць зусім несур’ёзныя асацыяцыі.

Сяргей Падсасонны, «Белсат»

Фота вокладкі – REUTERS/Vasily Fedosenko