
Прынамсі 660 тысяч еўраў. Столькі барысаўскі БАТЭ патэнцыйна ўжо зарабіў за ўдзел у кваліфікацыі футбольнай Лігі чэмпіёнаў. Напярэдадні жоўта-сінія перамаглі польскага чэмпіёна, клуб «Пяст Глівіцэ» (Piast Gliwice).
Валявая перамога беларускіх чэмпіёнаў. У матчы ў польскім Глівіцэ з мясцовым «Пястам» БАТЭ, прагульваючы 0:1, пераламаў хаду гульні, перамог 2:1 і паводле сумы дзвюх сустрэчаў выйшаў у другі кваліфікацыйны раўнд Лігі чэмпіёнаў.
Алесь Пуціла, спартовы аглядальнік «Белсату»:
«Я думаю, «Пяст» мог прайсці БАТЭ толькі на свежасці ўражанняў ад еўракубкаў, бо ўпершыню «Пяст» гуляў у Лізе чэмпіёнаў. Ну а ў БАТЭ крыху вока замылілася, калі так можна сказаць, і яны больш павольна паводзілі сябе ў гэтых матчах. Усё ж досвед напрыканцы сыграў сваю ролю».
А як матчы беларускага і польскага чэмпіёнаў ацэньваюць футбольныя заўзятары? Пра гэта мы запыталі жыхароў Менску:
«Вельмі валідольны, што можна сказаць. Гэта вельмі нервовая была гульня».
«Роўная гульня была, няпростая. Усё ж у канцы не верылася, што БАТЭ зможа пераламіць хаду, але зрабілі гэта, малайцы».
«Гульня была слабая, вельмі слабая. Але пашанцавала, малайцы, хай ідуць далей».
«Што пашанцавала? Я б не сказаў, што пашанцавала. Я б сказаў наадварот, што пашанцавала палякам, што яны раней не забілі».
У другім раўндзе БАТЭ чакае складаны супернік. Найбольш тытулаваны клуб Нарвегіі «Русэнборг». Гэтая каманда з багатаю гісторыяй, якая 11 разоў брала ўдзел у групавым этапе Лігі чэмпіёнаў. Алесь Пуціла, спартовы аглядальнік «Белсату»:
«Там больш фактурныя гульцы, там даражэйшая каманда за БАТЭ, і, прайшоўшы ўжо «Русэнборг», БАТЭ можа марыць і пра нешта больш вялікае. Але пакуль другі раўнд кваліфікацыі бачыцца такім праблемным».
Барысаўскі БАТЭ – адзіны беларускі футбольны клуб, які гуляў у групавых этапах Лігі чэмпіёнаў. Агулам пяць разоў. Каб згуляць шосты, сёлета першы крок каманда Аляксея Багі зрабіла, перагуляўшы «Пяст», па дарозе да групавога этапу яшчэ тры супернікі.
Алесь Яшчанка, belsat.eu