На пратэстах — і стары, і малады


Сёння ў Менску мірныя акцыі пратэсту ладзілі і моладзь, і пенсіянеры. Гэтак студэнты Лінгвістычнага універсітэту і Акадэміі мастацтваў спявалі на прыступках сваіх вучэльняў. А бабулі і дзядулі прайшліся маршам ад плошчы Незалежнасці.

З кожным восеньскім днём робіцца толькі халадней, аднак запалу студэнцкіх пратэстаў гэта не астуджае.

«Мы супраць таго, што цяпер творыцца».

«Мы не сядзім дома, і мы насамрэч хочам штосьці зрабіць для нашай краіны. Хаця б маленькімі крокамі. Але мы справімся, мы зможам», — гавораць студэнты МДЛУ.

Ужо традыцыйную спеўную акцыю зладзілі студэнты Менскага лінгвістычнага ўніверсітэту. У падтрыманне навучэнца Універсітэту інфарматыкі і радыёэлектронікі Дзмітрыя Мазуры, асуджанага на 38 дзён арышту, прысутныя скандавалі «Дзіма».

«Надакучыла цярпець хлусню, цярпець прыніжэнне, цярпець збіццё нашых суседзяў, нашых сяброў. Спадзяемся, гэта хутка скончыцца. І выходзіць мы не перастанем», — абяцае студэнт МДЛУ Цімафей.

«Мы адстойваем сваё права мірнага пратэсту і нязгоды з тым, што нам спрабуюць унушыць. Выбары былі сфальсіфікаваныя. І ўсё, што цяпер адбываецца, няправільна. Мы стаім на тым, каб усё гэта змяніць. І паставіць усё на сваё месца», — кажа выкладчык МДЛУ Мікалай Федаровіч.

Сядзячы і спеўны пратэст прайшоў і на прыступках каля Акадэміі мастацтваў.

«Сваё меркаванне і сваё права на свабоду варта выказваць і не варта пра гэта маўчаць. Нават пад пагрозай адлічэння ці яшчэ чаго-небудзь», — упэўненая студэнтка Акадэміі мастацтваў Ева.

Апладысментамі студэнты падтрымалі звольненую выкладчыцу, народную артыстку Беларусі, былую акторку Купалаўскага тэатру Зою Белахвосцік.

«Мы студэнты акцёрскага курсу — 4 курс, фінальны курс. Мы павінныя быць гатовыя да гэтага, але нашага майстра звольнілі. І што нам рабіць? Мы засталіся без кіраўніка, калі можна так сказаць, без маці», — абураецца студэнт Акадэміі мастацтваў Георгій.

А ў другой палове дня падтрымаць моладзь і выказаць сваю нязгоду з гвалтоўнай палітыкай уладаў на плошчу Незалежнасці выйшлі пенсіянеры — з кветкамі і бел-чырвона-белымі сцяжкамі ды стужкамі.

«Моладзь хапаюць, збіваюць. Я ўчора стала на калені перад АМАПам і сказала: вазьміце мяне і ў турму вязіце, а моладзь не чапайце. А яны мне сказалі: а вы нам не патрэбныя. Таму я лічу, паколькі мы, пенсіянеры, не патрэбныя амапаўцам, мы павінныя з імі змагацца, ісці ў першых шэрагах. Жыве Беларусь!»

«Мы прыйшлі сюды, каб падтрымаць нашую моладзь, якая ўвесь час выходзіць. Мы з імі, мы супраць Лукашэнкі», — кажуць удзельнікі Маршу пенсіянераў.

З воклічамі «Жыве Беларусь» (а каля КДБ — «Бабулі супраць АМАПу») удзельнікі маршу пенсіянераў рушылі па праспекце Незалежнасці да Лінгвістычнага ўніверсітэту, дзе сустрэліся з маладзейшым пакаленнем пратэстоўцаў. Акцыя адбылася і на праспекце Дзяржынскага. Каля гандлёвага цэнтру «Тытан» людзі ўтварылі традыцыйны ланцуг салідарнасці.

Анастасія Русецкая, «Белсат»