На пратэст у Берасці прыйшла «ваўчыца»


Прыблізна 120 чалавек сабраліся сёння на цэнтральнай плошчы Берасця, каб абмеркаваць апошнія навіны, звязаныя з будоўляю шкоднага прадпрыемства недалёка ад абласнога цэнтру.

Удзельнік акцыі: «Можна нават падзякаваць нашым «мусарам», якія пасадзілі чалавека, які тут апынуўся выпадкова, на содні. Цяпер ён ходзіць сюды штотыдзень».

У найбліжэйшую сераду берасцейцы плануюць сустрэцца з міністрам прыроды і аховы навакольнага асяроддзя Андрэем Худыкам. Яе днямі запрапанаваў сам чыноўнік.

Удзельнік акцыі: «Гэтыя людзі пойдуць на любую подласць – і Ліс, і Худык ды іншыя чыноўнікі. Бо тут [будуецца] выбухованебяспечнае прадпрыемства, і падчас ліцця свінцу Берасце накрые хваляю, гэта дакладна. І людзі ўсё гэта разумеюць. Але не Худык мусіць гэта вырашаць. Гэты чалавек мусіць даваць паказанні».

Уласна «ліса», а дакладней, аднаго з пратэстоўцаў, Канстанціна Астапука, які тры тыдні таму прыйшоў на акцыю пратэсту ў касцюме гэтай жывёліны, сёння на плошчы шукала ягоная сяброўка – «ваўчыца».

Ірына Сіліцкая, актывістка: «Тут быў наш сябрук ліс, а потым ён знік. Вось я хаджу і пытаюся, дзе ж наш сябар ліс».

Аднак паляванне сілавікі ладзяць не толькі на праціўнікаў будоўлі шкоднай вытворчасці, але і на незалежных журналістаў, якія асвятляюць акцыі пратэсту. Сёння міліцыянты спрабавалі затрымаць фрылансэраў Алеся Леўчука і Мілану Харытонаву, якім у выніку пры дапамозе ўдзельнікаў акцыі ўдалося даехаць дадому. Ужо праз некаторы час праваахоўнікі спрабавалі трапіць да журналістаў у кватэру.

Алесь Ляўчук, незалежны журналіст: «Яны прыходзяць да нас дадому кожныя выходныя і грукаюць у дзверы. Напрыклад, толькі за апошнія тры дні міліцыя прыходзіла да нашага дому два разы».

Здавалася б, берасцейцы пратэстуюць супраць акумулятарнага заводу дзясяты месяц, аднак ціск з боку ўладаў толькі расце.

Ігар Маслоўскі, актывіст «За свой горад»: «Яны баяцца людзей, яны фіксуюць. Калі спатрэбіцца, гэтыя файлы падымаюцца, і людзей могуць або прыцягнуць, або напужаць, праводзіць нейкія прафілактычныя гутаркі».

Зрэшты, аднымі прафілактычнымі гутаркамі з тымі ж незалежнымі журналістамі справа не абыходзіцца: за апошнія два месяцы Леўчука і Харытонаву аштрафавалі на агульную суму больш як 4 тысячы еўраў. Афіцыйна за працу без акрэдытацыі, але самыя журналісты ўпэўненыя: улады гэтак помсцяць за інфармацыю пра небяспеку заводу «iPower», а таксама пра акцыі пратэсту.

Віталь Бабін, «Белсат»