На прадпрыемстве ЖКГ выдалі заробак сертыфікатамі на харчы


Аплата не грашыма, а сертыфікатамі на харчы! На адным з прадпрыемстваў ЖКГ Гомля частку заробку выдалі паперамі, якія трэба «атаварыць» у вызначаных крамах. Тым, хто адмовіўся ад гэткай узнагароды, урэзалі прэміі. Сітуацыя ўжо развязалася. Але ці могуць працадаўцы гэтак ставіцца да працаўнікоў?

Не чыншам, а натуральным аброкам некалі свайму пану плацілі сяляне. Эпохі змяніліся, цяпер за працу ўсё ж такі не караюць, а ўзнагароджваюць, хоць часам і разнастайнымі метадамі.

«Лепш, каб заробак быў, пайшоў, што трэба, і купіў».

«А калі мне не трэба гэтыя прадукты, і пайду куплю, якія мне трэба? А, можа, мне вопратка трэба».

«Цяпер грэх жаліцца, людзі дарагія. Калі там нейкі ЖКУшнік з’ехаў з глузду, гэта нічога ў параўнанні з тым, што было, калі мы расцілі дзяцей».

«Гэта не той выпадак, які мае быць у ХХІ стагоддзі», – гавораць жыхары Гомля.

У Гомлі – скандал. На адным з раённых камунальных прадпрыемстваў вырашылі выплаціць частку заробку сертыфікатамі на тавары. Тых, хто адмовіўся ад такой «прапановы», – пазбавілі паловы месячнай прэміі. Вадзім Жаваранак, Беларускі прафсаюз працаўнікоў мясцовае прамысловасці і камунальна-побытавых прадпрыемстваў (1PROF.BY):

«Наймальнік меў фінансавыя цяжкасці: шэраг прадпрыемстваў і арганізацыяў раёну мелі даўгі за атрыманыя імі паслугі. Каб паскорыць працэс узаемаразлікаў і знізіць суму доўгу, кіраўнік вырашыў сваім працаўнікам выдаць сертыфікаты на 50 рублёў для набыцця імі харчоў».

Пры тым, у канкрэтных крамах. Незаконны ўказ пра ўразанне прэміяў, з дапамогаю дзяржаўнага прафсаюзу, адмянілі. Але выпадкі з падменаю заробку – досыць распаўсюджаныя.

«Іншая справа, што пра гэта мала гаворыцца. Нагода таксама вядомая, людзі проста баяцца», – каментуе Аляксандр Ярашук, Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў.

Некаторыя мяркуюць – выплацілі прадуктамі? Добра, што хоць так. Пра гэткія сітуацыі наш тэлеканал распавядаў і раней. Вось леташні рэпартаж («Аб’ектыў», 14.06.2018) з Барысаўскага заводу агрэгатаў, дзе кіраўніцтва ў добраахвотна-прымусовым парадку вырашыла заплаціць частку заробку мясам і малаком:

«Пакуль гаворка вядзецца толькі пра 20 рублёў».

«У нас пра іх нават і не пыталі, прынеслі – падпісаліся».

Або матэрыял з Добрушу, дзе мясцовым камунальнікам выдавалі талоны на цукар, кілбасу ды туалетную паперу («Абʼектыў», 19.10.2017):

«Для жыхароў Добрушу і вёскі Церахоўка – гэта не настальгія па савецкім мінулым, а рэальнасць. Штомесяц працаўнікам прадпрыемстваў, што ўваходзяць у абʼяднанне «Добрушскі камунальнік», заробкі часткова выдаюць талонамі».

Здараюцца такія выпадкі нават у сталіцы. Гэтак, у 2017-ым медыі паведамлялі пра тое, што «Менскгандальаўтатранс» забавязваў работнікаў браць купоны на пакупкі ў «Еўраопце» замест часткі заробку.

«З дазволу працаўніка дапускаецца замена грашовай аплаты цалкам або часткова натуральнаю аплатай (змешаная форма аплаты)» – з Арт. 74 Працоўнага кодэксу.

Ключавыя словы тут – «з дазволу працаўніка». І гаворка ідзе не пра нейкія сертыфікаты для адмысловых вытворцаў, а пра натуральную аплату. Аляксандр Ярашук, Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў:

«Усё астатняе – гэта самадзейнасць. Гэта парушэнне і працоўнага заканадаўства, і правоў чалавека».

Незалежныя прафзвязы нагадваюць: свае правы трэба ведаць і адстойваць.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu

Аб’ектыў
У Барысаве на заводзе агрэгатаў замест заробкаў даюць малако
2018.06.14 20:46
Аб’ектыў
У Добрушы замест заробкаў – талоны на харчы
2017.10.19 22:24