Аб'ектыў 20.10.2018 На пешаходным пераходзе міліцэйскі аўтамабіль збіў мінака


Чарговае ДТЗ з удзелам міліцыі? Як цвердзяць відавочцы, напярэдадні ўначы на адным з пешаходных пераходаў Пінску міліцэйскі аўтамабіль збіў мінака. У міліцыі здарэння пакуль не каментуюць, падрабязнасці распавядае імаверны пацярпелы.

«Жесть! Збілі наўпрост на пешаходным пераходзе. Увесь у крыві. Цудам застаўся жывы», – гэтак імаверны пацярпелы апісвае на сваёй старонцы «УКантакце» тое, што адбылося напярэдадні ўначы на вуліцы Ракасоўскага ў Пінску. Мужчына цвердзіць, што на пешаходным пераходзе яго збіў міліцэйскі аўтамабіль.

«Мяне збілі. Я галавою пратараніў лабавое шкло, парваў паліто. Разбіў плэер, парваў навушнікі, тэлефон, увесь у крыві, чатыры швы на галаве», – сцвярджае пацярпелы Андрэй.

Паводле Андрэя, кіроўца міліцэйскага аўта аказаў яму першую дапамогу і выклікаў хуткую, якая адвезла яго ў шпіталь. Там зрабілі здымак, наклалі швы, узялІ на даследаванне кроў і двойчы агледзелі на алкаголь. Перавышэння нормаў не зафіксавалі.

«Яны думалі, што я нападпітку, пад півам ці гарэлкаю, з прычыны маіх дзіўных паводзінаў у выглядзе шумнага вітання міліцыянтаў, хуткай ды іншага. Я проста ў шоку быў, першыя пяць хвілінаў не разумеў, што адбылося са мною», – працягвае Андрэй.

Цяпер мужчына застаецца ўдома на бальнічным. Кажа, што ў госці да яго прыходзіў міліцыянт і, цытата, «часткова скампенсаваў [шкоду]». У Пінскім ГАУС адмовіліся пракаментаваць журналістам падрабязнасці здарэння. А што пра інцыдэнт думаюць пінчукі?

«Гэта, вядома, няправільна для міліцыянтаў – яны мусяць абараняць людзей».

«Тут, магчыма, ёсць і нейкая прычына. Яны думаюць, што ім гэта дазволена, што ім гэта сыдзе з рук».

«Яны ачулі ўладу, што яны ў гэтым жыцці галоўныя, таму так і адбываецца».

«Я б не сказала, што гэта можна лічыць частым выпадкам. Гэта выпадковасць».

Аднак дарожныя здарэнні з удзелам міліцыянтаў – не рэдкасць. Днямі ў Гомлі аўтамабіль ДАІ, які пераследваў парушальніка, сур’ёзна пацярпеў у выніку аварыі на скрыжаванні. А за дзень да гэтага ў Берасці міліцэйскае аўта сутыкнулася з мікрааўтобусам.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары