Аб'ектыў 24.05.2019 На паліклініку МУС грошы ёсць. Жаночая кансультацыя парасла кустоўем


Жаночую кансультацыю ў самым цэнтры гораду мусілі адбудаваць яшчэ ў 2013 годзе, але пакуль замест яе – адныя разваліны. Чаму будынак лякарні застаецца без увагі, і наколькі ён патрэбны гораду?

Цагляныя сцены парастаюць кустоўем і разбураюцца. Побач іржавее будаўнічы кран. Гэтак выглядае колішні будынак радзільні № 1 у Віцебску, што на вуліцы Багдана Хмяльніцкага. Яго планавалі рэканструяваць і яшчэ 6 гадоў таму адкрыць у ім жаночую паліклініку. Але планы не ажыццявіліся.

Ірына Захарава, грамадская актывістка, Віцебск:

«Калісьці ў гэтым будынку жанчыны атрымоўвалі першую дапамогу ў захаванні дзетак. Пашпарт гэтага будынку паказвае, што ў 2013 годзе ён мусіць быць здадзены. Але як быў развалены, у руінах, без даху, так і стаіць».

А можа, Віцебску папросту не патрэбная яшчэ адна жаночая кансультацыя? Мы запыталі жыхароў гораду:

«Ёсць кансультацыі, якія вельмі загружаныя, і там сядзіш у чарзе, нягледзячы на тое, што ў цябе талончык, можаш каля гадзіны прасядзець».

«Нейкае абы-што яны могуць пабудаваць, а медычную ўстанову… Дзе даследуюцца… Адна ёсць – каля хуткай дапамогі».

«Канечне патрэбная! Адну адкрылі – вельмі далёка, не ўсім зручна дабірацца».

«Чаму нашыя чыноўнікі не могуць вылучыць грошы на рамонт гэтага будынку? Гэта кажа пра тое, што яны абыякавая да лёсу грамадзянаў, якія маглі б, калі б гэта была медычная ўстанова, прыйсці і абслужыцца».

За тое, каб паліклініку дабудавалі і ўрэшце адкрылі, мясцовыя грамадскія актывісты сабралі тры тысячы подпісаў. Іх падалі ў віцебскія гарадскі і абласны выканкамы, але выніку гэта не прынесла. На ўсе звароты жыхары гораду атрымоўвалі адпіскі, не дапамагла і сустрэча з кіраўніком галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкаму Юрыем Дзеркачом. Не атрымалі адказу і мы. Намесніца Дзеркача адмовіла ў каментары.

Людміла Кавалёва, Віцебскі аблвыканкам:

«У нас, між іншым, ёсць пэўная праца і сфера адказнасці, у тым ліку наданне інфармацыі згодна са сваёй працай. З кампетэнцыяй, з даручэннямі начальніка і так далей».

Актывісты кажуць, што ў віцебскіх уладаў на бліжэйшыя гады амбітныя планы: рэканструяваць Полацкі шляхаправод, увесці ў эксплуатацыю падземны пераход, падоўжыць праспект Будаўнікоў. Ёсць грошы і на ўстановы аховы здароўя. Што праўда, на іншыя.

Таццяна Севярынец, грамадская актывістка, Віцебск:

«Не так даўно стала вядома, што закрываецца на рамонт паліклінікі ўнутраных справаў, якая знаходзіцца ў нас на Калініна. І на яе выдаткавана амаль 500 тысячаў рублёў. Праўда, не з гарадскога бюджэту, не з абласнога, а з рэспубліканскага. Дык чаму на тую паліклініку для міліцыянтаў грошы знайшліся, а на гэты будынак грошай няма?»

Пакуль жа мы шукаем адказу на гэтае пытанне, будынак колішняй радзільні застаецца даўгабудам, а жаночыя кансультацыі Віцебску – перапоўненымі.

Таццяна Уласенка, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары