На Міжнародным моладзевым тэатральным форуме аб'ядналіся ўкраінскі рэжысёр і беларускія акторы


Беларусь і Украіну шмат чаго яднае. У тым ліку агульныя сцэнічныя праекты. Гэтак, вынік супрацы ўкраінскага рэжысёра і беларускіх актораў прэзентавалі на Міжнародным моладзевым тэатральным форуме, што цяпер праходзіць у Магілёве. Пабачыць можна было ўкраінскую інтэрпрэтацыю п’есы паводле бестселера «Радзіва «Прудок» Андруся Горвата.

«Там мне ўвесь час хацелася раз-маў-ляць! Каб усе чулі! Гэта як выйсці са склепу, у якім прасядзеў 30 гадоў, і ўсім целам адчуць свабоду. У Беларусі гэтай свабоды я не адчуваю».

Маналогам пра мову і ўнутраную свабоду распачаўся XIV моладзевы тэатральны форум «Март-кантакт». Спектакль «ГЭТАМЫ» паводле апавядання «Радзіва «Прудок» Андруся Горвата супольна з беларускімі акторамі паставіў украінскі рэжысёр Стас Жыркоў.

«Проста ў гэтым тэксце я бачу тое, што з намі адбывалася ў перыяд з 10-га да 14-га года, калі ўжо хацелася, каб адбыўся нейкі выбух, змены. Але ён ніяк не адбываўся. І гэта ўсё назапашвалася ў людзях. Мне так і ў Горваце здаецца, ён адзін з такіх людзей, у якіх назапашваецца жаданне», – кажа рэжысёр Стас Жыркоў.

Акрамя тэксту з моцнаю грамадзянскаю пазіцыяй у спектакль улучылі вясёлыя тэксты Горвата пра вясковы быт. Атрымалася нешта падобнае да сучаснага стэндап-шоу.

«У Беларусі старыя бабулі даглядаюць сваіх 40-гадовых сыноў».

Крытык Алена Мальчэўская заўважае:

«Гэта, мне падаецца, такі фірмовы момант Стаса, калі герой раздрабляецца на некалькі герояў. Гэта можна бачыць будзе і ў «Паляванні на сябе», калі ён там раздвойваецца, расстройваецца».

Другі спектакль ад Стаса Жыркова на «Март-контакце-2019» – «Паляванне на сябе» прадстаўляе Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Галоўную ролю ў спектаклі – ролю Зілава – грае актор Максім Брагінец. Гісторыю чалавека, які заблытаўся, максімальна наблізілі да сучаснасці і нават звязалі з Менскам.

«Вельмі класна, што так здараецца. У Беларусі і Украіны вельмі шмат агульных болевых кропак, і мы ўвесь час ад гэтага аднекваемся, а нам трэба гэта зразумець і адно з адным працаваць», – распавядае рэжысёр Стас Жыркоў.

Яшчэ адна цікавая капрадукцыя ў межах форуму нараджаецца ў майстэрні маладой рэжысуры. Кіргізскі рэжысёр Уланмырза Карыпбаеў ставіць з магілёўскімі акторамі эскіз спектаклю паводле апавядання Чынгіза Айтматава «Матчына поле». Спектакль пра тое, што краіна ў вайне перамагла, але маці – прайгралі.

«Бо Магілёў, вось мы з акторамі паразмаўлялі, 23 дні трымаў абарону. І гэта спектакль-эскіз, нейкі такі набат пра тое, што мы часта забываемся», – кажа рэжысёр Уланмырза Карыпбаеў.

Усяго ў форуме бяруць удзел 23 тэатры з 10 краінаў свету. Пра высокі ўзровень форуму кажа і падтрыманне з боку Міністэрства культуры Беларусі. Міністр культуры Беларусі Юрый Бондар на адкрыцці форуму прамовіў:

«Мы спалучаем і традыцыі, і інавацыі. Менавіта таму фестываль жыве».

Завершыцца «Март-контакт» у Сусветны дзень тэатру – 27 сакавіка.

Вольга Васільева, belsat.eu