На Менскім заводзе аўтаматычных лініяў рабочыя працуюць без святла і цяпла і не атрымліваюць заробак


На Менскім заводзе аўтаматычных лініяў шмат месяцаў затрымліваюць заробкі. Прыборабудаўнікі працуюць у халодных цэхах і без святла. Адміністрацыя прадпрыемства абяцае выправіць сітуацыю, аднак запазычанасці ў заробках застаюцца.

Хадзіць штодня на працу і не мець заробку. Працаўнікі заводу аўтаматычных лініяў у Менску грошай не атрымлівалі ад ліпеня. Заводскія цэхі і памяшканні не абаграваюць, перыядычна адключаюць электрычнасць, заробкі затрымліваюць не ўпершыню, кажуць працаўнікі прадпрыемства.

«Апошні раз заробак давалі ў ліпені ці ў чэрвені. За садок трэба плаціць, за дзіця ў школе – за харчаванне, да 25 чысла аплата штомесяц. А калі няма аплаты… Было такое, што казалі ў садок не прыводзіць дзіця», – кажа адна з працаўнікоў Алена Рабцэвіч.

Частку заробку працаўнікі атрымалі толькі напрыканцы кастрычніка – раздалі ўласныя пазыкі. Запазычанасць прадпрыемства па-ранейшаму застаецца, працаўнікі на сваіх месцах – таксама.

«Ёсць пэўная прафесійная падрыхтоўка, якой не хацелася б губляць, пераходзячы на іншае прадпрыемства з новай вытворчасцю. Ну і ўзрост – таксама мае значэнне», – гаворыць працаўнік, спадар Васіль.

Дамагацца выплатаў працаўнікі баяцца, кажуць – маюць на тое прычыны.

«Пачнеш скардзіцца – пішыце паперу на звальненне. А звальняешся – адразу губляеш інтэрнат – вызваліце жытло. А зараз уладкавацца на нейкае прадпрыемства, каб давалі жытло – гэта нерэальна», – распавядае Вікенцій Шастак.

Намеснік дырэктара заводу ад каментара адмовіўся. На сайце ж прадпрыемства адміністрацыя хваліцца поспехамі ды тым, што завод паспяхова працуе з буйнымі айчыннымі ды замежнымі прадпрыемствамі. Аднак пры гэтым колькасць працаўнікоў ад пачатку 90-х скарацілася ў дзесяць разоў: з сямі тысяч да сямісот чалавек. І звальняцца з-за нявыплаты заробкаў працаўнікі пачалі яшчэ колькі гадоў таму.

«Такіх выпадкаў значна больш, чым на МЗАЛе, дзе людзі некалькі месяцаў не атрымоўваюць заробкаў. Уся бяда ў тым, што мы пра іх не ведаем. Па-другое – і гэта самае сумнае – працоўныя людзі сёння так запалоханыя, што яны не бяруць на сябе рызыкі змагацца за свае правы. Праблема існуе, пра яе трэба казаць уголас», – каментуе Аляксандр Ярашук, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Беларусі трэці год запар расце колькасць маламаёмных грамадзянаў. Ужо траціна жыхароў краіны не можа сабе дазволіць нават мінімальнага набору тавараў і паслуг.

Галіна Абакунчык, belsat.eu