Аб'ектыў 17.04.2018 У Маладзечне працаўнікам ужо трэці месяц не выплочваюць заробку


Тры месяцы без заробку. Гэтак выглядае сітуацыя на Маладзечанскім заводзе металаканструкцыяў. Раней працаўнікі атрымлівалі па 200 рублёў, а цяпер прадпрыемства і гэтага заплаціць не ў стане. Як выжыць у такой сітуацыі і чаго чакаць далей?

Раней Маладзечна называлі горадам сонца. Але пасля закрыцця буйных прадпрыемстваў горад стаў ператварацца ў дэпрэсіўную правінцыю з вельмі цьмянымі перспектывамі.

Гэтак, на Маладзечанскім заводзе металаканструкцыяў працаўнікам ужо трэці месяц не выплочваюць заробку. Апошнія паўгода давалі выключна аклад – дзвесце рублёў.

«Два месяцы не плоцяць! Не ведаю, што тут будзе, гэта толькі начальства ведае!»

«Прыходзіцца так вось – хадзіць на працу. Ну а сям’ю ж нечым карміць… Сказалі – чакайце, і ўсё. Даюць кожную пятніцу па 10 працэнтаў там, дапусцім. Ну, не кожную там… Нічога тут, ніякіх перспектыў».

«Выжываем! На што? Займаем, пазычаем! Бяда на заводзе, бяда!.. Няма працы. Я электрыкам працую – 30 год прапрацаваў. Вось такія справы. 200 рублёў – што гэта за зарплата? Пражыві за 200 рублёў. Двое дзяцей!»

Паводле працоўных, кіраўніцтва заводу тлумачыць такі стан спраў адсутнасцю буйных замоваў для прадпрыемства. У сваю чаргу, галоўны бухгалтар заводу Павел Саўчук не змог пракаментаваць сітуацыі з нясплатамі заробку:

«Не магу ні пацвердзіць, ні зняпраўдзіць гэтай інфармацыі», – заяві Павел Саўчук.

Дырэктара прадпрыемства Алега Месніка яшчэ год таму разам з галоўным бухгалтарам адправілі за краты за карупцыю. З таго моманту завод фактычна не мае кіраўніка.

«Паступова нашы буйныя яшчэ савецкія прадпрыемствы будуць ператварацца альбо ў неліквіды, парастаць травой, альбо ўрад у лепшым выпадку паспрабуе нешта прадаць. Але паколькі ён прадае па такім кошце, што ніхто не купляе, таму больш верагодна, што ў малых гарадах гэтыя прадпрыемствы будуць проста стаяць і ператварацца ў руіну», – кажа Яраслаў Раманчук.

Кіраўніцтва заводу прапаноўвае людзям проста звальняцца, калі яны не задаволеныя ўмовамі працы і аплатаю. Выглядае як банальны шантаж, бо ім проста няма куды ісці. У горадзе знайсці працу надзвычай складана, а ўзровень заробку ўсё той жа – 200–300 рублёў.

Жыхары Маладзечна кажуць:

«Менск побач, палова насельніцтва ў Менск едзе на працу… А тут увогуле няма працы. Толькі што – гандаль, прадпрымальнікі на базары».

«Цяжка. Няма працы, грошай людзям не плоцяць!»

«Вось вы мяне здымаеце, потым мяне звольняць. Ну і што? Вам ад гэтага лягчэй? І гэтым лягчэй не будзе».

«Ладна! Яшчэ з заводу выганяць!»

Знікненне буйных прадпрыемстваў стала сапраўднаю праблемай для Маладзечна. Замест заводу «Модуль» у агромністым будынку цяпер месціцца гандлёвы цэнтр. А былыя цахі заводу «ЦяжМет» проста стаяць закінутыя літаральна ў самым цэнтры гораду. Станкабудаўнічы завод, завод парашковай металургіі, радыёзавод «Спадарожнік» – даўно ўжо не гіганты прамысловасці.

«У Маладзечне шмат прадпрыемстваў, якія мелі сэнс яшчэ ў савецкай структуры эканомікі. Сёння няма попыту – няма чаго за гэтыя заводы трымацца. Гэта шлях, які прайшлі амерыканскія прадпрыемствы, нямецкія, брытанскія. І калі няма попыту на гэтыя металы, на гэтыя жалезабетонныя канструкцыі, проста трэба прадаць гэта тым людзям, якія маюць нейкую канцэпцыю, што з гэтым зрабіць», – мяркуе Раманчук.

Але пакуль мы бачым, што дзяржава жадае працягваць уручную кіраваць амаль усімі сферамі эканомікі. Прыклад Маладзечна добра паказвае, куды такое кіраванне прыводзіць.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары