На Магілёўшчыне трываюць пратэсты жыхароў супраць шкоднай вытворчасці


«Чорнага снегу не было», – кажуць чыноўнікі жыхарам пасёлка Вейна пад Магілёвам у адказ на іхную скаргу ў пракуратуру. Летась у лістападзе людзі выявілі факт выкіду чорнай сажы з прадпрыемства для вытворчасці тэхнічнага вугляроду «Омск Карбон». Але сустрэцца з пацярпелымі адказныя чыноўнікі наважыліся толькі праз 2 месяцы пасля здарэння.

На сход аб пытаннях бяспекі на прадпрыемстве з расейскім капіталам «Омск Карбон Магілёў» запрасілі толькі тых, хто падпісваўся пад зваротам у пракуратуру. Але людзі не разгубіліся і расклеілі абвесткі па ўсім пасёлку.

«Я з лякарні не вылажу праз іхны завод, а цяпер нас не пускаю пагаварыць. – Мы не запрошаныя. – А каго запрасілі? – Па спісе ўсіх».

Ахвотных атрымаць адказы ад чыноўнікаў прыйшло так шмат, што не ўсе змясціліся ў маленечкай зале сельскага савету.

«Вось вы сказалі, што спадар Каркачоў жыве ў Вейна. Можна вам задаць пытанне, канкрэтна вам, мы з вамі жывем у адным доме. Вас не зачапіла, ну скажыце вось сумленна»?

Пра перавышэнне заводам нарматыву па цвёрдых крупінках у 40 разоў сведчыць адказ намесніка старшыні камітэту прыродных рэсурсаў Канстанціна Цеплякова. На сходзе ж высветлілася, што ўсё не так.

«Я ў той дзень тут быў, я здымаў на тэлефон, я канкрэтна на снезе не бачыў сажы, калі казалі, што ўвесь снег у сажы», – кажа Сяргей Чэлачаў, аддзел кантролю за аховаю і выкарыстаннем атмасфернага паветра і водных рэсурсаў.

Маўляў, перавышэнне было зафіксаванае не ў жылой зоне, а ў самой крыніцы выкідаў – у трубе.

«Ад крыніцы выкідаў да мяжы зямельнага надзелу – гэта парадак разліку санітарна-ахоўнай зоны, адлегласць складае 1006 і 1024 м, што пацверджанае здымкамі», – лічыць Святлана Нячай, галоўная санітарная лекарка Магілёўскай вобласці.

Паводле чыноўнікаў, цяпер на заводзе «Омск Карбон Магілёў» праводзіцца карэкціроўка праектавай дакументацыі, пасля чаго ў абавязковым парадку правядуць паўторную экалагічную экспертызу. Чыноўнікі паабяцалі ўсталяваць на заводзе «Омск Карбон» сістэму аўтаматычнага кантролю канцэнтрацыі ды аб’ёму выкідаў.

«Увесь тэхналагічны цыкл вытворчасці вугляроду герметызаваны, сістэма ўлоўвальных фільтраў абсталяваная элементамі, ступень улоўлівання якіх складае 99,99 %», – кажа Ірына Давыдзенка, сабодная эканамічная зона 4.

Што важнейшае: завод або жыццё дзяцей, вось адкажыце нам на гэтае пытанне і мы пойдзем адсюль, што важнейшае?

Каб супакоіць людзей, чыноўнікі паабяцалі засадзіць поле паміж вёскаю і заводам дрэвамі.

«Першая лінія «Омск Карбону» павінная даваць 40 тонаў вугляроду, а наагул плануюць 20 тонаў выпускаць на год, г.зн. у 5 разоў больш. І калі пры першым пробным пуску ўсё засыпана было сажай, то ўяўляеце, калі ён у 5 разоў больш эфектыўна будзе працаваць», – распавёў Уладзімір Краўчанка, Магілёўскі праваабарончы цэнтр.

На сустрэчы прысутнічаў і прадстаўнік заводу «Омск Карбон» Мікалай Крывіцкі запрасіў жыхароў Вейна на экскурсію па тэрыторыі прадпрыемства.

«Я не задаволеная, у мяне дзеці. Мяне цікавіць, чым мы дыхаем».

«Ніякіх вынікаў не дало. Людзей як травілі, так і будуць травіць».

«Ціск, ціск – пасля вось гэтага – так у нас шмат у каго ціск».

«Павінная санэпідстанцыя паглядзець твае тэхнічныя ўмовы, што ты ствараеш, яны паглядзелі – а ім у кішэню вось так вось сунулі».

Запуск заводу «Омск Карбон Магілёў» запланаваны на сакавік 2019 года.

Вольга Васільева, «Белсат»