На «Лістападзе» – зоркі кіно, а ў журы – чыноўнікі. Як Мінкульт ставіць фестываль пад пагрозу знікнення

Рашэнне адхіліць дырэкцыю «Лістападу» ад адбору фільмаў, што трапяць на фестываль, абурыла не толькі аматараў кінематографу, але і рэжысёраў. Сярод першых рэакцыяў – нават адмова ад далейшага ўдзелу ў фестывалі.

«Мы з Дзянісам Пуцікавым папрасілі дырэкцыю «Лістапада» зняць наш фільм з конкурсу, бо мы за свабоду ад цэнзуры Мінкульту і не жадаем удзельнічаць у конкурсе, дзе пагрэбавалі правамі ды свабодаю творчасці», – распавядае Ева-Кацярына Махава.

Вызначаць мастацкую вартасць фільмаў – задача адмысловай камісіі пры Міністэрстве культуры. Рашэнне ж выключыць з яе чальцоў дырэкцыі «Лістападу» фактычна азначае, што цяпер сярод экспертаў будзе менш кінакрытыкаў і кіназнаўцаў, затое – больш чыноўнікаў.

«За тое, як праводзіцца адбор, адбор канчатковы, нясе адказнасць менавіта Міністэрства культуры. І да яго трэба звяртацца. З нашага боку, сапраўды, мы зрабілі свае прапановы, мы зрабілі праграму і прапанавалі яе Міністэрству культуры», – каментуе Ірына Кацяловіч, кіраўніца прэс-цэнтру кінафестывалю «Лістапад».

Пракаментаваць сваё рашэнне «Белсату» па тэлефоне ў Міністэрстве культуры адмовіліся. Раней жа першая кіраўніца камісіі адбору стужак і намесніца міністра культуры паведамляла медыям, што галоўная мэта – пакінуць фільмы, якія было б не сорамна паказаць гледачу. Распавядае Ірына Дрыга, першая намесніца міністра культуры Беларусі:

«Паверце, няма ніякага прыярытэту, зыходзячы з месца стварэння таго ці іншага фільму: зняты ён на дзяржаўным «Беларусьфільме», масцітым прадстаўніком нейкай іншай кампаніі ці маладым і малавядомым рэжысёрам. Тут галоўнае: а) майстэрства; б) здольнасць глыбока зазірнуць у праблему, закласці пасланне да гледача…»

Тым не менш сярод іншых фільм «Жоўты пясочак» рэжысёра Аляксея Туровіча, а таксама «Лялька» уганараванага рэжысёра Андрэя Кудзіненкі не трапілі ў сёлетнюю праграму. Па-за конкурсам застаўся і фільм былога пераможцы «Лістападу» Андрэя Куцілы «Стрыптыз і вайна».

«Як чыноўнікі могуць зразумець, кіно якаснае ці не якаснае. Яны што, вучыліся? Ірына Уладзіміраўна Дрыга, яна што, мастацтвазнаўца, кіназнаўца? Яна адкуль ведае, што такое якаснае кіно? Яна ведае, што такое якасныя дакументы. Няхай іх перакладае туды-сюды. А кіно ведаюць крытыкі. Яны акурат і былі тымі, хто адбірае на фестываль», – гаворыць рэжысёр Андрэй Курэйчык.

Паводле рэжысёра Андрэя Курэйчыка, гэткім чынам дзяржава замест дапамогі стварае новыя перашкоды. Прычым не толькі аўтарам стужкі, але і самому фестывалю. Калі цэнзурны кантэкст прызнаюць у Міжнароднай федэрацыі асацыяцыяў кінапрадзюсараў, гэта пагражае «Лістападу» стратай акрэдытацыі, якая надае фестывалю міжнародны статус.

Юлія Лабанава, belsat.eu

Глядзі таксама