На Лініі Сталіна дзецям дораць падарункі з выявай тырана


Пастраляць з пнеўматыкі, сфатаграфавацца ў вайсковай форме, падбіць нямецкі танк – і ўсё гэта, са словаў стваральнікаў, «каб акунуцца ў шчаслівы час дзяцінства». Такія святочныя забавы прапаноўваюць у рэзідэнцыі Генерала Дзеда Мароза.

«Трэба, трэба, каб моладзь ведала. А з 16 гадоў хай вучацца страляць, сваю радзіму абараняць трэба ўмець», – заявіў на Лініі Сталіна Генерал Дзед Мароз.

Герой дзіцячых мараў папулярызуе Другую сусветную вайну. Дзеці малююць танкі ды ваенныя самалёты, чытаюць вершы і распавядаюць пра запаветныя жаданні. Падарункі ад Генерала Дзеда Мароза таксама тэматычныя. Партрэт Сталіна паўсюль, у тым ліку і на падарунках для дзяцей.

«Ну чаму нам не захаваць сваёй гісторыі? Гісторыя, якая б яны ні была, усе мы павінны яе ведаць. Абавязкова! Таму і партрэты Сталіна захаваныя. І хай моладзь ведае, што быў і такі ў нас кіраўнік».

Ведае праз партрэты ды помнік кату, а не праз гісторыі пакутнікаў, расстраляных або закатаваных у турмах НКВД ці сасланых паміраць у ленінска-сталінскія канцлагеры. Няма тут забітых настаўнікаў, святароў, літаратараў і навукоўцаў ды іншых сотняў тысяч рэпрэсаваных беларусаў. А наведнікі комплексу задаволеныя:

«Вельмі класны Дзед Мароз. Вельмі класныя танкі. Мы пастралялі па нямецкіх танках. Усё вельмі здорава».

«Я б не сказаў, што тут культ Сталіна. Чаму? Тут яго асабліва і няма. Вельмі крута, сумяшчэнне новага і старога не кепска, і можна шапку насіць».

«Дзецям цяпер вельмі танкі падабаюцца. Вырашылі паказаць і заадно даведаліся, што тут арганізуецца сустрэча з Дзедам Марозам, і вырашылі прыехаць менавіта сюды».

Сталінскі камуністычны рэжым Савецкага Саюзу знішчаў у Беларусі перадусім нацыянальную эліту, каб адрозненні паміж нашымі «братэрскімі народамі» былі сцёртыя, а краіна была беспярэчна падпарадкаваная Маскве. Замест таго, каб сёння выявіць злачынствы сталінскага рэжыму, дапусціць даследнікаў да архіваў, у Беларусі працягваюць ладзіць такія імпрэзы.

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел, фота – Васіль Фядосенка/Reuters/Forum