На кожны адбудаваны аграгарадок прыходзіцца 50 вёсак, якія гінуць


Слава рукам, што пахнуць хлебам. У Беларусі адзначаюць дзень супрацоўнікаў аграпрамысловага комплексу. Селянін – традыцыйна шанаваная прафесія. Але ці шануюць працу на зямлі ў нашай краіне?

Прадукты сельскае гаспадаркі, гэта тое з чым сутыкаюцца беларусы штодня. І таму падзякаваць людзям, якія працуюць на зямлі.

«За гістарычна кароткі тэрмін тут адбыліся сур’ёзныя змяненні: на палях працуе сучасная тэхніка, пабудаваны буйныя жывёлагадоўчыя комплексы і перапрацоўчыя прадпрыемствы, аснашчаныя па сусветных стандартах. Палепшаны і ўмовы жыцця сельскіх жыхароў: створаны аграгарадкі з развітой інфраструктурай і сацыяльнай сферай», – гаворыцца ў віншаванні Аляксандра Лукашэнкі.

Словы ўпэўненыя і аптымістычныя, вось толькі сувязі з рэчаіснасцю ў іх мала, адзначаюць эксперты.

«Такіх прадпрыемстваў, якія можна лічыць сусветнага ўзроўню вытворчасці не больш за 20 %. І гэта яшчэ аптымістычная лічба», – кажа шэф-рэдактар agrolive.by Інна Гармель.

Аграрная прамысловасць – адна з важных галінаў нашае гаспадаркі. Паводле адміністрацыі кіраўніка дзяржавы, у вясковых працах задзейнічаны 9 % работнікаў, а доля ўдзелу сельскае гаспадаркі ў ВУП выносіць да 7 %. Але зноў такі, уся наша прадукцыя накіравана на аднаго вокавага пакупніка – Расею, а гандаль з ёй – стратны.

«Нельга наракаць, што наша прадукцыя зусім дрэнная. Але казаць, што яна адпавядае ўсім міжнародным стандартам не выпадае. Месца ў Еўразвязе ёй няма менавіта з гэтых прычынаў», – мяркуе Аляксандр Ярашук з Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

На якасць працы ж уплывае менавіта ручная сістэма кіравання. З таго часу, як краінай кіруе былы старшыня саўгасу «Гарадзец», сельская гаспадарка пераўтварылася ў ідэалогію. Гэтая сфера не кіруецца лагічнымі аргументамі, а ў Беларусі дагэтуль асноўная маса прадукцыі вытвараецца ў калгасах.

«На кожны гэты адбудаваны аграгарадок, прыходзіцца 50, можа 100 вёсак, якія гінуць. У бліжэйшыя 10-15-20 гадоў мы канчаткова згубім беларускае сяло», – адзначае Ярашук.

Адметна, што дзяржаўная статыстыка пакідае не такое ўжо сумнае ўражанне аб заробках у сельскагаспадарчай сферы. Гэтак паводле Белстату сярэдняя налічаная намінальная зарплата летась складала больш за Br 500 рублёў. Між тым, лічбы гэтыя здаюцца ўсё больш нерэалістычнымі.

Адметна, што само слова «калгас», або расейскае «колхоз», надоўга ўвайшло ў паўсядзённую мову, як сінонім нечага няякаснага і зробленага абы-як.

Адмыслоўцы адзначаюць – паправіць катастрафічную сітуацыю на вёсцы можна і неабходна. Перадумовай для гэтага мае стаць вяртанне гаспадара, бо без прыватнае ўласнасці эфектыўнасці ад вёскі чакаць не даводзіцца.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»