На кніжнай выставе ў Кіеве разабралі беларускія творы


Адэля Дубавец наведала беларускі стэнд «Кніжнага Арсеналу» у Кіеве.

У Кіеве праходзіць адная з самых вядомых інтэлектуальных падзеяў Украіны – чатырохдзённы «Книжковий Арсенал»: дзясяткі гасцей з розных краінаў свету, сотні ўкраінскіх пісьменнікаў і тысячы наведнікаў, кілаграмы кніг ды літры кавы. Свае навінкі сюды прывезлі ды расставілі па паліцах больш за 150 выдавецтваў.

Каля стэнду з беларускімі кніжкамі з трох беларускіх выдавецтваў – беспрэцэдэнтны ажыятаж. Сёння толькі другі дзень «Кныжковага арсеналу«, а некаторыя кнігі ўжо папросту раскупілі.

У горад на Дняпры прывезлі найлепшае з незалежных выдавецтваў «Янушкевіч«, «Arche-Пачатак» і «Галіяфы«. Стэнд з нашай прадукцыяй цяжка не заўважыць – беларускія кнігі размясцілі напачатку, адразу пры ўваходзе ў кніжную частку «Арсеналу«.

«Мы прывезлі некаторых пазіцыяў сапраўды няшмат, па адной-дзве кнігі, некаторых назваў. І гэтыя кнігі разляцеліся, як гарачыя піражкі. «Сіняя кніга беларускага алкаголіка Плюс» проста разляцелася, засталася адна кніга. Разышліся кнігі Валерыя Гапеева, цікавяцца Бахарэвічам», – кажа Зміцер Вішнёў з выдавецтва «Галіяфы».

Працаўнікі стэнду адзначаюць чаканы інтарэс наведнікаў да гістарычных кніг, напісаных папулярнаю мовай.

«Адзін з такіх гітоў – гэта спецвыпуск часопісу «Arche» «Бітва пад Воршай«. 16-е стагоддзе. Яшчэ такая незвычайная тэма – «Сексуальная рэвалюцыя» ў савецкай Беларусі беларускага прафесара, кніга, напісаная навукоўцам на падставе дакументаў, яна таксама фактычна за два дні скончылася», – кажа працаўнік беларускага стэнду Сяргей Макарэвіч.

А вось любоў украінцаў да паэзіі ды інтарэс да беларускіх вершаў, здаецца, стаўся сюрпрызам для нашых дэлегатаў. Апроч Багдановіча і Купалы на «Кныжковым арсенале» часта пытаюцца пра сучасных паэтаў і ахвотна набываюць іхныя зборнікі.

«Вельмі прыемна, што тут ёсць літаратура, якую складана знайсці ва Украіне. Мне падабаецца, што на «Кныжковым арсенале» шмат кніг з Балканаў, а цяпер ёсць беларускія кнігі, якія можна паспрабаваць прачытаць, паглядзець», – кажа наведнік кірмашу Алег.

Калі беларуская кніга вабіць сваёй пэўнай экзатычнасцю, украінскія выдаўцы ствараюць ажыятаж вакол выданняў самымі нестандартнымі хадамі. Старт продажу ўкраінскага перакладу «Крыніцы» Дэна Браўна падсаладзілі вялізным тортам-кнігай.

«Кныжковы арсенал» – гэта не проста кірмаш кніг, свае творы тут прэзентуюць мастакі ды ілюстратары, музыкі ды актывісты. Фестываль доўжыцца да нядзелі, у выходныя тут будзе яшчэ больш наведнікаў. Цікава, ці хопіць беларускіх кніг усім ахвотным.

Адэля Дубавец; фота вокладкі – Sergei Fadeichev/TASS/Forum