Як уратаваць апошнюю беларускамоўную школу на Камянеччыне?


Яшчэ 30 гадоў таму ў Камянецкім раёне большасць школаў была з беларускай мовай навучання. Цяпер засталася толькі адна – у вёсцы Амелянец. Цяпер яна пад пагрозаю знікнення. Чаму?

За маёй спінай – адзіная ў Камянецкім раёне беларускамоўная школа. Яна апынулася пад пагрозаю закрыцця. Мясцовыя жыхары і некаторыя настаўнікі робяць усе магчымае, каб не дапусціць гэтага. Напярэдадні адбылася сустрэча мясцовых жыхароў і настаўнікаў школы з чыноўнікамі Камянецкага райвыканкаму. Сярод прычынаў закрыцця ўстановы яны называюць пажарную небяспеку, адсутнасць спартовае залы і прыбіральні ў будынку, а таксама малакамплектнасць.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Начальнік аддзелу адукацыі Камянецкага райвыканкаму Віктар Грыцук гаворыць:

«Калі я б бачыў, што будзе павялічвацца кантынгент, я б папрасіў бы: давайце пачнем сёння рабіць праект, дакументацыю. Давайце будзем адстойваць гэтую пазіцыю, але прабачце».

Чыноўнікі былі супраць, каб на сходзе прысутнічалі журналісты. Спачатку нашую здымачную групу не ўпускалі ў залу, пасля спрабавалі выгнаць са сходу. Самое ж спатканне, паводле мясцовых жыхароў, не прынесла ніякага выніку: за дзве гадзіны людзі так і не даведаліся, што будзе са школаю.

«Іхная сустрэча тут ні да чаго канкрэтнага не прывяла, гэта раз. Па-другое, так не робіцца, усталі, сышлі і ўсё. Але я б хацела, каб школа працавала, у мяне чацвёра дзяцей», – кажа жыхарка вёскі Амелянец Аксана.

«Я думаю, што рашэнне ўжо прынятае, проста нас паінфармавалі. Сходы праводзілі, з людзьмі размаўлялі. Цяпер дырэктар кажа, што супраць беларускай мовы. Я пытаю сына: «Ты хочаш на беларускай мове размаўляць?» – «Так, я хачу», – распавядае жыхар вёскі Амелянец Аляксандр.

Пра імавернае закрыццё школы ў вёсцы Амелянец стала вядома сёлета ў кастрычніку. Павел Кендысь, настаўнік фізкультуры і геаграфіі, сам вучыўся ў гэтай школе ды вярнуўся ў яе працаваць. Цяпер ён змагаецца за захаванне ўстановы:

«Гэтая школа – адукацыйны і культурніцкі цэнтр вёскі. Яе закрыццё прывядзе за заняпаду і суседніх вёсак, таму я хачу, каб школа захавалася».

Дзеля таго, каб зберагчы школу, Павел стварыў у інтэрнэце петыцыю. На сёння яе падтрымалі больш за 1800 чалавек. Паводле настаўніка, закрыццё адзінай беларускамоўнай школы Камянецкага раёну – ганьба сістэмы адукацыі краіны. «Белсат» жа будзе сачыць за лёсам Амелянецкай школы.

Алесь Ляўчук belsat.eu