«На Каляды савецкі памежнік падарыў яму жыццё». Гісторыя Калядаў на рыжскім памежжы


У 1921 годзе ў Рызе беларускія землі падзялілі паміж Польшчай і Савецкай Расеяй. Бліжэйшая кропка дзяржаўнай мяжы праходзіла за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад Менску – ля Заслаўя. Мяжа паставіла акцэнты і ў зімовых рэлігійных святах: беларусы апынуліся на разломе дзвюх культурных цывілізацыяў.

Напрыканцы 20-х гадоў на тэрыторыі Савецкай Беларусі святкаванне Калядаў і Раства Хрыстовага было забароненае. Напрыклад, тут, у Заслаўі, нельга было знайсці і набыць святочных калядных паштовак. Адначасова праводзілася і «антыелачная» агітацыя.

Гісторык Ігар Мельнікаў, які ладзіць «Калядную экскурсію на даваеннай мяжы», у форме палітрука 15-га атраду памежных войскаў НКУС СССР, распавядае: насельніцтву не дазвалялася святкаваць Каляды да 1935 года:

«Памежнікі на мяжы прыходзілі, глядзелі хату, каб у вакне не было ніякай ялінкі, каб не было свечак, каб людзі не святкавалі гэта ўсё, тым больш, што гэты бок быў савецкі, трэба было паказаць таму баку, польскаму, што тут перамог камунізм, і камуністычныя рэпрэсіі супраць гэтага былі досыць моцныя».

Але падзеленыя беларусы шукалі магчымасці сустрэць святы разам, хоць гэта было небяспечна. Перабежчыкаў на савецкім баку прымалі за польскіх шпіёнаў, адпраўлялі на допыты ці адразу – у Курапаты. Але аднойчы здарыўся цуд.

«Жыхар Заходняй Беларусі (дарэчы, камсамолец) напярэдадні Калядаў вырашыў збегчы ў БССР. Ён перайшоў мяжу і трапіў у рукі савецкіх памежнікаў. Яго дапытвалі, але ўвечары яго выклікаў камендант, паразмаўляў з ім, і сказаў: я зраблю тваім бацькам падарунак на Каляды, вывеў яго на мяжу і адправіў назад у Польшчу. Калі гэты мужчына вырас, пасля вайны зразумеў ужо, што гэты савецкі памежнік падарыў яму жыццё», – распавядае Ігар Мельнікаў.

З Заслаўя мы кіруемся ў бок гэтак званай «польскай Беларусі». Насельніцтва мястэчка Ракаў, якое жыло на тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай, мела іншае жыццё. Тут грунтоўна рыхтаваліся да Калядаў, прыходзілі ў касцёл і, натуральна, мелі магчымасць набываць у крамах віншавальныя паштоўкі на любы густ. Асобна віншавальныя паштоўкі друкаваў і Польскі корпус аховы памежжа.

«Жаўнеры корпусу рабілі вось такія вось паштовачкі для дзяцей, якія жылі пры памежжы. Гэта адбывалася па ўсёй тэрыторыі памежжа Другой Рэчы Паспалітай. Яны таксама рабілі ім ялінкі, дарылі падарункі, дарылі свята», – кажа экскурсавод Зміцер Грахоўскі (апрануты ў форму польскага памежнага корпусу).

У БССР рэабілітацыя святочнай елкі адбылася ў 1935 годзе. Табу на навагодняе дрэва для камуністычнага грамадства зняў асабіста Сталін. Уласна, з таго часу і з’явілася афіцыйнае свята – Новы год. У той час у дачыненні каталіцкіх ды праваслаўных вернікаў ганенні ды рэпрэсіі працягваліся.

Таццяна Уласенка, belsat.eu