На іхных костках гулялі ў крыкет. Усё пра эксгумацыю парэшткаў паўстанцаў


Вільня – месца, дзе Кастусь Каліноўскі кіраваў паўстаннем і дзе сустрэў сваю смерць. Два гады таму на віленскай гары Гедзіміна археолагі знайшлі парэшткі Каліноўскага і яшчэ двух дзясяткаў паўстанцаў.

Кастрычнік 2016-га. У Вільні, на гары Гедзіміна, якая таксама завецца Замкавай, – чарговы апоўзень. Дырэктар Інстытуту гісторыі Літвы Альвідас Нікжэнтайціс распавядае:

«Якраз тады было вельмі шмат дажджоў, і гара пасля ўсіх гэтых рэканструкцыяў, пасля выдалення дрэваў, ці з іншых прычынаў, – яна пачала сыпацца».

Гару закрываюць для наведвання, а інжынеры шукаюць спосаб спыніць разбурэнне аднаго з найбольш распазнавальных сімвалаў літоўскай сталіцы. Як заведзена, перад будаўнікамі на верхавіне гары з’яўляюцца археолагі, якія мелі заняцца звычайнай тэхнічнай працай.

«Інжынеры спраектавалі такую катвігу, палі ў цэнтры пляцоўкі, да якіх можна было б прымацаваць ростверкі. (…) Якраз у гэтым месцы і пачаліся гэтыя даследаванні, і там думалі выкапаць калодзеж для катвігі», – тлумачыць археолаг з Нацыянальнага музею Літвы Гіціс Грыжас.

У студзені 2017-га на месцы, вызначаным інжынерамі, на глыбіні двух метраў археолагі адкопваюць парэшткі першага чалавека. Як потым высветліцца, гэтым першым быў Кастусь Каліноўскі.

Шкілет мужчыны 24–26 гадоў з закінутай галавой, рукі завязаныя ззаду. Парэшткі засыпаныя вапнай. Побач – два медальёны. Адзін з выявай Маці Божай Вастрабрамскай, другі – з Хрыстом і абрысамі святога Казіміра.

«Яны былі часта проста ўкінутыя ў гэтыя ямы. Тварам уніз, са звязанымі рукамі, і, вядома, вельмі непаважліва», – кажа гісторык з Нацыянальнага музею Літвы Біруце Віткаўскіене.

У час здушэння паўстання на Замкавай гары месціўся расейскі вайсковы гарнізон – тэрыторыя, закрытая для віленчукоў. Менавіта таму акупанты і пахавалі там паўстанцаў, падалей ад вачэй тутэйшых. Магілы зраўнялі з зямлёй, а на іх месцы зрабілі пляцоўку для гульні ў крыкет.

Падчас далейшых раскопак археолагі адшукаюць на гары парэшткі яшчэ 19 паўстанцаў, разам з Каліноўскім – усяго дваццаць. Па слядах на костках адмыслоўцы лёгка вызначаюць, хто быў павешаны, а хто – расстраляны, і пачынаюць супастаўляць гэта з гістарычнымі звесткамі. Магілы – як групавыя, гэтак і індывідуальныя. Тых, каго забівалі разам, разам і хавалі.

«З іх было павешана асобна ў розны час толькі трое: Зыгмунт Серакоўскі, Кастусь Каліноўскі ды Баляслаў Калышка», – гаворыць археолаг з Нацыянальнага музею Літвы Гіціс Грыжас.

Найпрасцей ідэнтыфікаваць было Зыгмунта Серакоўскага. Пры ягоных парэштках знайшлі залаты пярсцёнак з гравіраванымі імёнамі Зыгмунт і Апалёнія – жонка Серакоўскага з дому Далеўскіх.

Баляслаў Калышка меў надзвычай высокі рост, парэшткі гэта пацвердзілі. Метадам выключэння вызначылі і Кастуся Каліноўскага. Дадаткова навукоўцы супаставілі знойдзеныя чэрапы з прыжыццёвымі здымкамі. Ва ўсіх трох яны супалі.

Парэшткі некаторых іншых паўстанцаў удалося вызначыць праз пробы ДНК. Гіціс Грыжас, археолаг, Нацыянальны музей Літвы:

«Па ДНК быў канкрэтна ідэнтыфікаваны Раймунд Зямацкі, былі ўзятыя ўзоры з магілы дзіцяці ягонага брата, прафесара Віленскага ўніверсітэту Юзафа Казіміра Зямацкага. Цітус Далеўскі быў ідэнтыфікаваны паводле ўзораў брата Аляксандра. Таксама супалі ДНК [пахаваных разам] братоў Аляксандра і Язэпа Раўкоўскіх, было зразумела, што яны браты».

Спрабавалі пацвердзіць і ДНК Каліноўскага. Пасля доўгага маўчання з боку ўладаў Беларусі.

«Быў дадзены дазвол зрабіць эксгумацыю на месцы меркаванай магілы брата Каліноўскага», – распавядае дырэктар Інстытуту гісторыі Літвы Альвідас Нікжэнтайціс.

У ліпені падчас раскопак у Свіслачы у магіле, над якой стаіць крыж з імем Віктара Каліноўскага, знайшлі двух чалавек – мужчыну і жанчыну. Даследаванні ДНК літоўскаму боку перадалі толькі 18 лістапада. Вынік супастаўлення адмоўны.

«Нашая выснова: пахаванне ў Свіслачы – гэта не брата Кастуся Каліноўскага», – кажа прафесар Віленскага ўніверсітэту Рымантас Янкаускас.

Знаходка ж парэшткаў паўстанцаў на гары Гедзіміна не была сюрпрызам для віленскіх беларусаў. У міжваенны час на гары нават стаяў крыж з памятнай шыльдай у гонар забітых. Старшыня Таварыства беларускае культуры ў Літве Аляксандр Адамковіч гаворыць:

«Многія думалі, што гэта толькі прыгожая легенда. Але сённяшнія часы паказалі, што гэта не легенда, што народная памяць перажыла ўсе змаганні і рэпрэсіі».

Агулам у 1863–1864 гадах у Вільні быў пакараны смерцю 21 паўстанец. На гары Гедзіміна знайшлі толькі 20. Рымантас Янкаускас, прафесар Віленскага ўніверсітэту:

«21-га, якога не хапае, гэта ксёндз Станіслаў Ішора. Гэта адзіны, у каторага ёсць дакументаваныя звесткі ДНК яго жывых родзічаў».

Кс. Станіслаў Ішора быў першым з пакараных у Вільні. Святар служыў у Жалудку на Лідчыне, на Лідчыне распаўсюджваў славутую «Мужыцкую праўду». Яшчэ адна легенда сведчыць, што парэшткі святара маглі быць перапахаваныя ў віленскім касцёле Святога Якуба, дзе ў 1933 годзе была асвечаная памятная шыльда ў ягоны гонар.

Вітаўт Сіўчык belsat.eu