На хвалі пратэсту людзі аб'ядналіся ў супольнасці


Першае знаёмства суседзяў, паводле Ірыны, у ейным раёне адбылося яшчэ пры зборы подпісаў для вылучэння незалежных назіральнікаў на выбарчыя ўчасткі. Жыхары актыўна ўключыліся ў гэты працэс. 9 жніўня людзі разам выйшлі чакаць вынікаў выбараў.

«Усе былі гатовыя ісці даведвацца ў нашай дарагой адміністрацыі, у нашага раённага выканаўчага камітэту, як наагул так атрымалася, што чальцы камісіі не здольныя лічыць трохзначныя лічбы. І тады мы ўпершыню сабраліся. Наагул, калі мікрараён наш на мапе падзяліць, ну, напэўна, чвэрць мікрараёну была задзейнічаная. Але тады нас чакаў вельмі агрэсіўны адпор: АМАП, гранаты», – прыгадвае жыхарка аднаго са сталічных двароў Ірына.

Затым агульнымі намаганнямі людзі запусцілі працэс для доказу фальсіфікацыі выбараў і адклікання мясцовых дэпутатаў. Паралельна з гэтым суседзі ўзяліся ўпрыгожваць свой раён, праводзіць лакальныя святы, канцэрты і лекцыі. А таксама арганізавалі дапамогу для суседзяў, якія трапілі пад пераслед.

«Настаўнікі, якіх у школе прэсавалі, нейкіх актыўных людзей, якія займаліся, напрыклад, ініцыятывамі з дэпутатамі… у нас сядзелі. Былі небаракі, якія некалькі разоў сядзелі, якіх з працы звальнялі. Так, мы агучвалі як онлайн, так і офлайн гэтую праблему, людзям збіралі дапамогу», – распавядае дзяўчына.

Дзякуючы асабістаму знаёмству і зносінам людзі выйшлі за рамкі пратэставага руху, абʼяднаўшыся ў пераадоленні побытавых пытанняў.

«Прапаноўвалі паслугі – лічыльнік вады паставіць у кватэры за большую суму, чым ён каштуе. І пра гэта адразу напісалі ў дамавыя чаты, дваровыя пра тое, што, маўляў, акуратней, ёсць такія хлапцы, дзяўчаты, я сам патэлефанаваў, патэлефанавала фірме, якую назвалі: не, яны нікога не адпраўлялі, проста ходзяць», – дзеліцца менчанка Алеся.

Фармаванне лакальных супольнасцяў – гэта натуральны вынік развіцця сацыяльных сетак і назапашанага досведу самаарганізацыі ды ўзаемадзеяння людзей падчас першай хвалі каронавіруснай пандэміі, адзначаюць сацыёлагі. Аднак на фоне палітычнага крызісу гэты працэс набыў большыя маштабы.

«Мы нарэшце адчулі сябе ў праве і тэарэтычна магчымым кіраваць сваім развіццём і тым, як мы будзем жыць, як будзе пабудаванае жыццё вакол нас, пачынаючы са свайго падʼезду, двара і далей-далей да маштабаў краіны. А з другога боку, маштабамі гэтага працэсу і тым, што мы не ў адзіночку гэта робім», – мяркуе сацыёлаг і аналітык Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі Аксана Шэлест.

Праўда, як прызнаюцца самі прадстаўнікі супольнасцяў, актыўнасць у дварах ухваляюць не ўсе суседзі. Часам справа даходзіць і да адкрытых канфліктаў.

«Такіх вельмі шмат: яны зразаюць стужкі з елак, яны выклікаюць міліцыю на нас, на нашыя дзеянні, на нашыя арганізацыі, дваровыя імпрэзы. Яны кідаюць яйкі з вокнаў, яны кідаюцца яблыкамі ў нас, яны крычаць на нас», – кажа Кацярына, жыхарка аднаго з двароў Менску.

І нягледзячы на ​​перашкоды з боку сілавікоў і чыноўнікаў, людзі маюць намер у будучыні развіваць супольнасці. У некаторых дварах суседзі падрыхтавалі планы для добраўпарадкавання і развіцця сваіх тэрыторыяў.

Хрысціна Чарняўская belsat.eu