На хакей Лукашэнка ездзіць сам за стырном


Добры гаспадар, адказны кіраўнік і выбітны спартовец. Аляксандр Лукашэнка чарговы раз паўстаў перад гледачамі дзяржаўнага тэлебачання выключна з пазітыўнага боку.

Напярэдадні ўвечары ў эфіры тэлеканалу «Беларусь-1» прэс-сакратар кіраўніка краіны распавяла шэраг цікавінак, не вядомых раней шырокай публіцы. Што гэта было – пі-ар на фоне відавочных праблемаў ці проста частка забаўляльнага шоу?

«Мы сур’ёзна паразмаўляем пра нашае далейшае суіснаванне ў гэтым цяжкім, тленным свеце», – казаў Лукашэнка на апошняй сустрэчы з кіраўніком Расеі.

Сурʼёзныя супярэчнасці ў перамовах з Пуціным ды назапашаныя праблемы ўнутры краіны даюць пра сябе ведаць. Навагодні зварот Лукашэнкі перапісвалі каля пяці разоў, прызналася ў эфіры дзяржаўнага тэлебачання прэс-сакратар кіраўніка краіны Наталля Эйсмант. Аб праблемах у тленным свеце на БТ, дарэчы, не казалі – у эфіры засяродзіліся выключна на пазітыве.

«Мы прывезлі [Пуціну] чатыры мяхі бульбы розных гатункаў – для смажання, запякання і адварвання, для дранікаў і пюрэ. Мы вельмі спадзяемся, што прэзідэнту Расеі спадабаецца», – распавяла Наталля Эйсмант.

І Пуціну, відаць, спадабалася. Пасля ўчорашніх перамоваў з невядомым вынікам ён запрасіў Лукашэнку згуляць з ім у хакей. Аднак Лукашэнка не гуляе ў хакей, калі ўдома шмат справаў. Станчыць вальс, павіншаваць усіх са святам, накалоць дроваў ды пачысціць снег, пакарміць жывёлінаў у рэзідэнцыі ды не прапусціць трэнаванняў. Паводле Наталлі Эйсмант, кіраўнік краіны займаецца ажно дзесяццю відамі спорту. А на трэнаванні ездзіць за стырном асабіста.

Ну, чым не самы народны кіраўнік? А калі гэта сапраўды пі-ар, то з чым ён звязаны? Ды чаму зʼявіўся менавіта цяпер?

«Ды таму, што халява скончылася. А халява скончылася таму, што той шлях, які абраў Аляксандр Лукашэнка для дабывання халявы адтуль, адтуль і адтуль, ён быў бесперспектыўны», – кажа кінарэжысёр Юрый Хашчавацкі.

А вось «сюрпрызаў» ад Лукашэнкі на Новы год варта чакаць кожнаму, дадае Хашчавацкі. Маўляў, можа павіншаваць па-беларуску, а можа – развітацца не толькі з мінулым годам.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»