На гомельскіх могілках зачыталі імёны рэпрэсаваных у часы сталінскага тэрору


Набліжаюцца Дзяды – дні памяці продкаў, святы, калі паводле традыцыі належыць узгадаць сваіх блізкіх, якія адышлі, а таксама – сваю гісторыю і тых, хто страціў жыццё паводле чужой волі. Напярэдадні ночы, у цемры якой згінулі дзясяткі выбітных беларусаў, гісторыкі, актывісты ды проста неабыякавыя людзі ўзгадваюць рэпрэсаваных суайчыннікаў.

У ноч на 30-га кастрычніка міне роўна 80 гадоў ад беларускае чорнае ночы, калі ў сутарэннях менскай «амерыканкі» цэлую ноч расстрэльвалі нацыянальную эліту. 22 паэты. Пісьменнікі. Міністры. Дырэктары. Выкладчыкі. Рэктары. Дактары. Агулам – 132 чалавекі.

Міхась Чарот быў невінаваты, як і абсалютная бальшыня, але амністыя прыйшла да іх пасля смерці. Такі быў час. Паміж 1937-ым і 38-ым у Беларусі за ноч арыштоўвалі ў сярэднім 230 чалавек. Але каб гэты час не паўтарыўся, нам трэба памятаць усё і ўсіх.

Вершы расстраляных у чорную ноч паэтаў гучаць сёння ў выкананні грамадскіх актывістаў у сацыяльных сетках – пад гэштэгам «Ноч паэтаў». Знакамітыя музыкі ў межах праекту (Не)расстраляная паэзія стварылі песні на словы забітых у чорную ноч, прэзентацыя адбудзецца ў нядзелю ў сталіцы, а ў самую гадавіну, у ноч на 30-га кастрычніка, усе, каму неабыякавая гісторыя 1937-га, збяруцца ва ўрочышчы Курапаты, дзе і пройдзе Ноч Паэзіі – чытанне вершаў, спевы, супольнае маўчанне і малітва.

Ноч памяці загінулай эліты, сёлета названая Ноччу Паэзіі, ледзь не містычным чынам супадае ў нашай краіне са святам памяці продкаў – Дзядамі. Таму і ў іншых гарадох пачаліся акцыі ўшанавання памяці ахвяраў рэпрэсіяў, якія на Беларусі адбіліся надзвычай балюча. Гэтак на Навабеліцкіх могілках у Гомлі людзі сабраліся на агульную жалобу з прачытаннем імёнаў рэпрэсаваных.

«Для нас вельмі важна памятаць і пра ахвяраў рэпрэсіяў, мы кожны год збіраемся тут, прыбіраем магілы, на якія ніхто не прыходзіць, зачытваем спісы ахвяраў рэпрэсіяў», – кажа сябра сафійскай грамады Сяргей Несцяровіч.

«Ушанаванне памяці рэпрэсаваных – гэта заўжды добрая нагода каб азірнуцца назад, а таксама каб паглядзець наперад і зразумець дзе мы і куды ідзем», – тлумачыць Алена Ведзь з аб’яднання «Талака».

Вялікі тэрор, які наведаў амаль кожную беларускую сямʼю, сышоў у вечнасць, забраўшы нашых блізкіх. Але гэта ад нас і ад наступных пакаленняў залежыць, ці спыніцца назаўжды абсурд ґвалту ды забойстваў.

ВГ, «Белсат»