На Гомельшчыне масава піляць лес: некаторыя бачаць у гэтым карупцыйны след


У Лоеўскім раёне на Гомельшчыне масава піляць лес. У лясгасе кажуць, што ва ўсім вінаваты караед, які нішчыць дрэвы, аднак людзі сумняюцца – маўляў, ёсць тут і фінансавы падтэкст.

«Шасцізубчатыя караеды атакавалі Беларусь», – яшчэ летась паведамлялі ў Міністэрстве надзвычайных сітуацыяў. Пацярпелі каля пяці тысяч гектараў лесу. Вырубіць іх планавалі да 1-га жніўня. Аднак дрэвы сохнуць дагэтуль. І гэта – нібы стыхійнае бедства, кажуць працаўнікі гомельскага прадпрыемства «Піламаркет».

Працаўнікі прадпрыемства кажуць:

«Малымі ачагамі выразаеш, ён усё роўна па коле пачынае зноў адраджацца».

«Выразаем. Вось сёння выразалі, дапусцім, праходзіць месяц, і ўжо па баках жоўтыя стаяць!».

Адзін з падрадчыкаў – смаргонскі «Белесентр» – вывозіць лес у Магілёў, на прадпрыемства «Кранаспан», дзе яго перапрацоўваюць. Працаўнікі кажуць, што такія дрэвы – даволі дарагія.

«Са шчапы робяцца ДВП, ДСП… Лічыцца як дзелавы лес».

Большасць жыхароў прылеглай да лесу вёскі Шарпілаўка абураныя высечкай, якая цягнецца ўжо амаль год.

Жыхары вёскі кажуць:

«Вельмі кепска, бо рушыцца экалогія».

«Хутка ўвогуле лесу не будзе такімі тэмпамі».

«На дадзены момант, вось дзе зараз увесь лес прыбралі – там не было жоўтага».

З тым, што не заўжды ў вырубцы вінаваты караед, пагаджаецца Аляксандр Зылеў – мясцовы актывіст.

«Мне падаецца, што тут караед – гэта чалавек, які больш крадзе гэты лес і прадае. Дзелавы лес! Павялічваюцца гэтыя машыны, яны проста едуць і едуць», – распавядае актывіст.

Ёсць меркаванне, што віною нягоды маглі стаць кліматычныя змены: праз спякоту і засуху паніжаецца ўзровень ґрунтовых водаў, дрэвы слабеюць і лёгка робяцца ахвяраю шкоднікаў. Увесну ж – аслабляе лес іншая стыхія:

«Усе гэтыя пойменныя лясы былі затопленыя. Калі ідзе веснавы разліў, усё гэта затапляецца», – кажа майстар лясніцтва Сяргей Бабовіч.

Паводле мясцовых жыхароў, ужо «выразана» больш за дзвесце гектараў. І працы не спыняюцца. Такая сітуацыя – не толькі ў Лоеўскім раёне, паведамілі «Белсату» ў дзяржаўнай установе «Гомельскі лясгас». Паводле чыноўнікаў, санітарная вырубка планавая, а кампенсаваць яе маюць пасадкаю новых дрэваў.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»