Аб'ектыў 27.06.2018 На Глыбоччыне памаліліся за расстраляных


У вёсцы Мікалаева на Віцебшчыне адбыўся дзень памяці беразвецкай трагедыі. Амаль 80 гадоў таму савецкія канваіры расстралялі вязняў тамтэйшай турмы НКВД, якіх на пачатку Вялікай айчыннай вайны арганізавана выправілі на Усход. Крывавую падзею дагэтуль ігнаруюць улады. Богаслужэнне за бязвінна забітых зарганізавала Глыбоцкая парафія.

За супакой душы расстраляных ды за тое, каб трагедыя больш не паўтарылася, памаліліся на ўскрайку вёскі Мікалаева. Тут месціцца мемарыял, які на пачатку 90-х усталявалі на грошы грамадзянаў Польшчы.

«Памяць, яна заўсёды з’яўляецца нашым клопатам за памерлых. Я лічу, што людзі, якія загінулі на Дарозе смерці, дастойныя таксама і той памяці, якую неабходна пераказваць і будучым пакаленням», – кажа пробашч Аляксандр Півавар.

Назву Дарога смерці атрымаў шлях вязняў з Беразвечча, дзе была турма НКВД, да вёскі Мікалаева. З прыходам нямецкіх войскаў у Беларусь улады пастанавілі выправіць зняволеных у кірунку Віцебску. Рэпрэсаваныя, што не мелі праблемаў са здароўем, маглі спатрэбіцца ў якасці працоўнай сілы. Іншых – хворых і слабых – папросту забівалі.

На чацверты дзень вайны на пераправе праз Дзвіну калона напаткала варожыя самалёты. Даведаўшыся, што шлях перакрыты нямецкім дэсантам, канваіры расстралялі з кулямётаў усю калону ля Мікалаева. Гэта пацвярджаюць мясцовыя жыхары.

«Гналі пешшу цэлую калону і расстралялі ад маста да скрыжавання, у чатыры чалавекі шарэнга такая была ўшчыльную. Усіх расстралялі і самі зʼехалі», – распавядала жыхарка вёскі Мікалаева Фаіна Бізунова.

Колькі людзей забілі, невядома дагэтуль. Паводле розных ацэнках, ад некалькіх соцень да дзвюх тысячаў чалавек. Большасць расстраляных яшчэ была пад следствам, іх забралі напярэдадні ды ў першыя дня Другой сусветнай. Сярод арыштаваных – жыхары Глыбокага, Шаркаўшчыны, Дзісны, Паставаў, Докшыцаў, Мёраў ды іншых навакольных вёсак. Спіс вязняў захоўваецца ў закрытых архівах.

«Вельмі важнай справай ёсць дакрануцца да гістарычнай праўды, адчыніць архівы. І не дай Божа, каб хтосьці не падумаў, што трэба спагнаць гістарычную праўду, адкрыць архівы дзеля таго, каб сёння ўчыніць помсту», – кажа эканом Віцебскай дыяцэзіі Вячаслаў Барок.

Штогод праводзіць на гэтым месцы богаслужэнне ў вернікаў увайшло ў традыцыю. Што да мясцовых уладаў, і раней, і цяпер яны не звяртаюць увагі на жахлівую падзею мінулага. Сёлета падчас імшы завіталі да помніку савецкім войнам ва Улу.

Юлія Лабанава, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары