На Глыбоччыне ксёндз зыніцыяваў стварэнне пляцу забаваў пры касцёле


Ксёндз Андрэй з вёскі Дзеркаўшчына на Глыбоччыне зыніцыяваў стварэнне дзіцячае пляцоўкі. І цяпер там ёсць забава, актыўнасць і, самае галоўнае, дзіцячы смех. Не ўсё вызначаюць выключна грошы, але іх не стае. А новых ідэяў у святара не бракуе.

«Тут шмат дзяцей прыходзіць на горку. Адзін раз было 30 чалавек».

Усё таму, што могуць змяняцца часы, але…

«Усе мы былі малымі. І калісьці кожнаму ў дзяцінстве хацелася мець нейкі пляц забаваў», – кажа ксёндз Андрэй Кулік з вёскі Дзеркаўшчына.

Ксёндз Андрэй зыніцыяваў стварэнне пляцу забаваў пры касцёле, які мае вялікі кавалак зямлі. Парафіяльная рада была за. І цяпер ёсць забава – без падзелу на рэлігійную прыналежнасць.

«Прыходзяць сюды, гуляюць супольна, ну і, быць можа, таксама нейкім чынам у іх нешта зварухнецца – і больш пра касцёл задумаюцца, хтосьці, можа, прыйдзе такім чынам да касцёлу. Але гэта не ёсць нашая першая мэта», – адзначае Андрэй Кулік.

А першая мэта – адцягнуць ад камп’ютараў, тэлефонаў і смартфонаў, выцягнуць на двор з інтэрнэту.

Маці з дзецьмі кажуць:

«З задавальненнем катаюцца з горкі, на арэлях, усё так дабротна зроблена. Самым прыемна, што ў нас зʼявіўся такі гарадок».

«Вельмі добра зрабіў, бо такіх пляцовак яшчэ не было дзіцячых. Ёсць куды хадзіць з дзецьмі».

А ксёндз не спыняецца. І мае іншыя ідэі – міні-поле для футболу ці валейболу. Мясцовыя прадпрымальнікі дапамагаюць. Але, каб планы сталіся рэчаіснасцю, усцяж бракуе сродкаў. І, безумоўна, прыватныя ініцыятывы – добра. Але ёсць і пытанне да дзяржавы: чаму такія пляцоўкі не ўзнікаюць у вёсцы з падачы ўстановаў адукацыі?

Сяргей Падсасонны, «Белсат»