На Генасамблеі ААН «праехаліся» па Беларусі


Спецдакладчык Міклаш Харасці адзначыў, што ўлады вярнуліся да практыкі актыўнага палітычнага пераследу, пра што ён папярэджваў яшчэ год таму.

«Нягледзячы на некаторыя фасадныя змены ў метадах, якія выкарыстоўвае ўлада, яна па-ранейшаму захоўвае ў дзеяннях тыя самыя законы. Прычына гэтага цыклічнага характару гвалтоўнага закручвання гаек у Беларусі заключаецца ў сістэме кіравання, што наўпрост залежыць ад выканаўчай галіны ўлады, а канкрэтна, ад дзейнага прэзідэнта, які знаходзіцца ва ўладзе амаль чвэрць стагоддзя», – заявіў Міклаш Харасці.

На чарговае пацверджанне гэтых словаў чакаць не давялося. Таго ж дня вечарам затрымалі сябру арганізацыі «Моладзь БНФ» Змітра Сільчанку. З інфармацыі, якую ён паспеў перадаць блізкім, а 22 гадзіне яго праз тэлефон выклікаў участковы і папрасіў прыйсці на размову. Хлопец адказаў – дасылайце позву. А ўжо праз гадзіну да яго на працу прыехала міліцыя.

«Ён мне паведаміў, напісаў у кантакце, што яго прывезлі ў РАУС Менскага раёну. Напісаў, што яго дакладна ўжо не выпусцяць да панядзелка. А ў панядзелак будзе суд за 21 кастрычніка», – распавядае знаёмая актывіста, Марыя Арцыбашава.

Таксама напярэдадні ўвечары была арыштаваная актывістка Беларускага нацыянальнага кангрэсу Грэта Сабалеўская.

«Дзесьці ў дзесяць – дзесяць трыццаць вечара прыйшла смска ад Грэты Сабалеўскай »мяне затрымлівае міліцыя«. І на сённяшні момант, дагэтуль мы не ведаем, дзе яна знаходзіцца», – кажа Марына Адамовіч, жонка апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча.

Раніцай каля свайго дому ў Аляхновічах затрымалі актывіста грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Арцёма Чарняка. Праз тэлефон ён паспеў паведаміць, што яго вязуць у РУУС Маладзечанскага раёну. Супрацоўнікі міліцыі спрабавалі трапіць у дом яго брата Змітра, які жыве ў Ракаве.

«Усе публічныя праявы незадаволенасці – для ўлады яны вельмі непрыемныя. Калі ласка, Вы можаце абурацца на кухні, у інтэрнэце, у лесе, у памяшканнях, але калі Вы выходзіце ў люднае месца і паказваеце прыклад грамадству, то ўлада лічыць гэта вельмі небяспечным», – кажа Мікалай Статкевіч.

Прыходзілі міліцыянты і да рэжысёркі Вольгі Нікалайчык, але ў хаце яе не засталі. Не паленаваліся праваахоўнікі завітаць і ў шпіталь, дзе пасля чарговай незаконнай адседкі знаходзіўся актывіст Леанід Кулакоў.

Рэпрэсіі і запалохванне – нішто іншае як спроба сарваць жалобную акцыю пад сценамі КГБ, мяркуе Мікола Статкевіч. Менавіта заўтра будуць адзначацца 80-я ўгодкі Ночы расстраляных паэтаў, а дзейная ўлада не раз даказвала, што адчувае сваю пераемнасць ад катаў.

«Мы там станем, са свечкамі, са знічамі, з партрэтамі забітых. Гэта пытанне нашага гонару, пытанне нашае будучыні. Бо калі мы публічна, у цэнтрах гарадоў не пратэстуем, значыць, мы моўчкі прымаем гэта ўсё», – распавядае Статкевіч.

Акцыя «Ланцуг памяці» пройдзе заўтра а 19:00 гадзіне ля будынку КГБ у Менску. Арганізатары просяць не прыносіць сцягоў і лозунгаў – толькі знічы, лампадкі і партрэты ахвяраў генацыду.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»