На «Гарызонце» спужаліся дзіцячага свята «Белсату»


Аднак у культурніцкі цэнтр «Корпус» прыйшлі некалькі сем’яў з дзецьмі. Усе яны атрымалі падарункі.

Не зважаючы на тое, што ўчора даслоўна ў апошні момант кампанія «Гарызонт Белінвест Дывэлапер» адмовіла нашаму тэлеканалу ў памяшканні для імпрэзы-пікніку «З «Белсатам» – у новы школьны год», падзея – хоць і ў крыху абмежаваным фармаце – усё адно адбылася.

«Мы падрыхтавалі для дзетак падарункі: флікеры, алоўкі, малыя заплечнікі, – кажа прадстаўнік «Белсату» у Беларусі Аляксей Мінчонак. – Гэта ўсё практычныя і патрэбныя рэчы, якраз да пачатку новага навучальнага года».

На жаль, арганізатарам імпрэзы давялося адмовіцца ад запланаванай раней праграмы. Драматург Васіль Дранько-Майсюк збіраўся паказаць дзецям тэатр, карэспандэнт нашага тэлеканалу Алесь Залеўскі хацеў вучыць дзяцей весці стрымы, вядоўца праграмы «Я не буду гэтага есці» Вольга Прыгарава, навучыла б бацькоў рыхтаваць дзецям файныя ссабойкі ў школу. Відавочна, што калі гэта ўсё арганізоўвае «Белсат», то ўлады нават тут бачаць для сябе пагрозу.

«Мы ўжо прызвычаіліся, што беларускамоўным забараняюць праводзіць святы, і не толькі вашыя», – кажа адзін з гасцей.

Адныя з маленькіх удзельнікаў імпрэзы. Фота – Ірына Арахоўская / «Белсат»

«Была ў дачкі сёння на лінейцы – катастрофа. Савецкае свята: нейкія прамовы, афіцыёз. Хацелася нармальнага нейкага свята», – дадае іншая наведніца.

У выніку імпрэза прайшла як свята сяброў «Белсату» і самых белсатаўцаў. А ўсе, хто не зважаючы на забарону прыйшоў сёння з дзецьмі, атрымалі падарункі.

«Мы хацелі выйсці да нашых гледачоў, да ўсіх, хто нас чытае. Тут у Менску сустрэцца з бацькамі і з дзецьмі», – кажа кіраўнік аддзелу прамоцыі «Белсату» Лукаш Бырскі.

«Але што больш за ўсё ў гэтай справе шакуе, мы планавалі абсалютна не звязаную з палітыкаю імпрэзу. Гэта быў пікнік, які датычыць першага вучэбнага дня і пачатку школьнага года – загадкі, гульні, канцэрт, конкурсы… Забарона імпрэзаў такога кшталту – гэта ўжо нейкая параноя», – лічыць дырэктарка «Белсату» Агнешка Рамашэўская-Гузы.

Фота – Ірына Арахоўская / «Белсат»

Аднак калектыў «Белсату» верыць: прыйдзе такі момант, калі ўлады перастануць баяцца ўсяго, што мы робім, ды нашыя імпрэзы будуць ладзіцца часта і для ўсіх ахвочых.

Ігар Кулей