На галодным пайку. Расея пагражае скараціць экспарт нафты ў Беларусь


У новы год са старым канфліктам. Летась, праз газавую спрэчку, Масква скараціла пастаўкі нафты ў Беларусь на чвэрць. Сёлета абʼёмы змяншаюцца яшчэ на 12 %.

Гэтак Расея рэагуе на тое, што Беларусь з пачатку мінулага года недаплочвае амаль палову кантрактнай цаны за газ, лічачы яе «несправядліваю».

«Геастратэгічныя інтарэсы Расеі зараз у рэгіёне палягаюць зараз у тым, каб трымаць развіццё сваіх сатэлітаў на ніжэйшым узроўні развіцця, чым яны таго хочуць. І з Беларуссю вось гэтая гульня працягваецца», – мяркуе палітолаг Андрэй Ягораў.

Гэтай сітуацыі была перадусім прысвечаная прамова Аляксандра Лукашэнкі з нагоды святкавання праваслаўных калядаў.

«Мы нікому не дазволім прыніжаць наш народ і нашую дзяржаву. Гэта ляжыць у аснове. Калі гэтага нехта не разумее, тады нам не проста з імі будзе не толькі будаваць дачыненні, але і размаўляць», – цвердзіў кіраўнік Беларусі.

Прэмʼер-міністр Андрэй Кабякоў заявіў летась у верасні, што ў выніку недапаставак расейскай нафты Беларусь страціла тры дзясятыя адсоткі ВУП. Пры гэтым, аднак, ён забыўся дадаць, што прыбытак айчыннай эканомікі ад недаплатаў за газ перавышае нафтавыя страты амаль удвая.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, па выніках дзесяці месяцаў мінулага года экспарт беларускіх нафтапрадуктаў скараціўся на два з невялікім мільёны тонаў. Калі ад сярэдняй цаны за тону экспартаваных нафтапрадуктаў адняць сярэднюю цану тоны імпартаванай нафты, атрымліваецца, што праз скарачэнне паставак расейскіх вуглевадародаў Беларусь не далічылася ста васьмідзесяці мільёнаў долараў. А запазычанасць за газ за гэты ж час склала ажно трыста мільёнаў долараў.

«Нявызначанасць тут стварае дадатковы абʼём патэнцыйных стратаў, якія пакуль падлічыць дастаткова цяжка. Калі гэтая крызісная сітуацыя зацягнецца, то могуць узнікнуць і іншыя рычагі. Мы ўжо не атрымалі летась чарговы транш Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця», – упэўнены эканамічны аналітык Леанід Фрыдкін.

Расея, патрабуючы вярнуць недаплату за газ, працягвае нарошчваць эканамічны ціск

Паводле расейскага палітолага Андрэя Суздальцава, які першы паведаміў, што пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь скароцяцца сёлета на 10 %, у Крамлі не выключаюць іх скарачэння і на 40 % у выпадку, калі Менск не пагасіць газавай запазычанасці. А вось гэта ўжо можа закрануць і шараговага беларуса.

«На запраўках нас могуць чакаць неўзабаве непрыемныя коштавыя сюрпрызы. Апрача таго, калі бюджэт будзе недаатрымліваць грошы, то, адпаведна, прыйдзецца ўразаць цэлыя артыкулы бюджэту. Цяжка сказаць якія гэта будуць артыкулы, але гэта можа адбіцца і на сацыяльных выдатках», – папярэджвае спадары Фрыдкін.

Менск настойвае, каб Беларусь атрымала тую ж цану за газ, што і расейскія спажыўцы

Урад аргументуе, што інакш айчынныя вытворцы ня змогуць канкураваць на расейскім рынку. Што праўда, за мінулы год, калі Менск хоць і самавольна, але плаціў за газ жаданую цану, доля МАЗу на расейскім рынку скарацілася на чвэрць. З трэцяга месца на тамтэйшым рынку цяжкавікоў айчынны вытворца спусціўся на пятае, саступіўшы шведскім ды японскім канкурэнтам, якія плацяць за газ удвая больш за Беларусь.

Станіслаў Івашкевіч, Менск, фота: Ройтэрз