На «Еўрагульні» можна ехаць без тазіка. Гарачая вада будзе


Толькі ў Беларусь прыйшла першая травеньская цеплыня, як перад жыхарамі сталіцы паўстаў новы вылік: адключэнне гарачай вады. Як у Еўропе, без адключэння мае быць і ў нас. Праўда, не хутка. Пакуль, каб заўзятарам і спартоўцам Еўрапейскіх гульняў было як памыцца, менчукі будуць трываць без вады на некалькі тыдняў больш, чым штогод.

Мы на скрыжаваннях вуліцаў Сурганава і Чорнага. Жыхары гэтага раёну Менску ў сёлетнім графіку адключэнняў. Сезон тазікаў і кіпяцільнікаў працягнецца ў сталіцы да сярэдзіны верасня.

Адключэнне традыцыйнае. Здавалася б, прывыклі, але штогод для жыхароў гэта чарговае выпрабаванне.

«Ну якія ў нас лайфхакі… Напярэдадні памыцца. Ну і менш стасавацца з вадою. З дзіцёнкам, напэўна, будзем больш вільготных сурвэтак юзаць», – кажа жыхарка Менску, якая даведалася пра адключэнне.

Паводле камунальнікаў, усё праз сістэму цепласетак, якая нам дасталася ў спадчыну ад савецкіх часоў. Паралельна з адключэннем адбываецца не толькі рамонт старых, але і замена трубаў на сучасныя, якія не вымагаюць прафілактыкі штогод.

Магчыма, такое і практычна. Сёлета будзе перапынак у адключэннях на час правядзення «Еўрапейскіх гульняў», каб «заўзятарам і спартоўцам было камфортна». Менавіта праз гэта час адключэнняў у Менску працягнецца ажно да восені.

Мой дом таксама трапіў у лік першых адключэнняў з сёння. Аднак пакуль выглядае на тое, што прынамсі яшчэ 1 дзень выгодаў цывілізацыі нам горад падарыў. І сапраўды, яшчэ ў 90-я беларусы цярпелі месяц без гарачай вады, цяпер фармальна – 14 дзён. Але фактычна ў Менску прафілактычныя працы цягнуцца ў сярэднім 12 дзён.

Віктар Кліменка, прыватны ЖЭС «Айнмалін М», дырэктар:

«Тэрмін службы цепласетак 25 гадоў. Пройдзе нейкі час і з’явяцца дэфекты, якія трэба зліквідаваць улетку, а не ўзімку. А як людзям выкручвацца з гэтай сітуацыі? Падаграваць ваду на пліце. Ну, ці можна павесіць невялікі бойлер. Шмат у каго яны ёсць».

Радуе, што прынамсі надвор’е пачало спрыяць і ад халадэчы ў кватэрах ды лазенках можна ўцячы на вуліцу. Тымчасам менскія чыноўнікі абяцаюць спыніць практыку адключэнняў цягам 7–10 гадоў. Але пакуль гэта некалькі вулачак у Савецкім раёне сталіцы.

Алесь Залеўскі, belsat.eu