На Дзень Незалежнасці Расея пажадала Беларусі... хутчэй інтэгравацца


А 22 гадзіне сёння ўва ўсіх абласных цэнтрах і ў Менску прагрымяць святочныя салюты. Беларусь адзначае Дзень Незалежнасці, а таксама 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Між тым ці стаўся гэты дзень сапраўды нацыянальным святам? І ці нішто не пагражае сёння незалежнасці нашай Бацькаўшчыны?

Беларусь афіцыйна адзначае Дзень Незалежнасці. Галоўныя падзеі – вайсковы парад і масавы тэатралізаваны эпізод – праходзяць у Менску. Да 1996 года галоўнае дзяржаўнае свята адзначалі 27 ліпеня, аднак у выніку рэферэндуму яго перанеслі на 3 ліпеня – дзень вызвалення беларускай сталіцы ад нацыстаў.

Між тым адзінства ў ацэнцы выбару гістарычнай даты для афіцыйнага Дня Незалежнасці ў Беларусі няма.

Гісторык:

«Асноўная гістарычная нестыкоўка – гэта тое, што Савецкая Армія не збіралася рабіць Беларусь незалежнай. Беларусь стала незалежнай толькі ў 1991 годзе, калі якраз Савецкі Саюз, войскі якога ўвайшлі ў Менск 3 ліпеня 1944 года, перастаў існаваць».

Аляксандр Лукашэнка – дарэчы, і сам гісторык паводле адукацыі – пра гэткую нестыкоўку цудоўна ведае. Між тым не цягне на рэальны статус нацыянальнага свята цяперашняя дата не толькі з гістарычных прычынаў, дадае палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі:

«Сама стылістыка гэтага свята савецкая. І прарасейская таксама! Бо ў тым самым парадзе ўдзельнічаюць расейскія войскі, едуць гэтыя «Іскандэры», якімі Масква пагражае Еўропе – гэта мінус і для іміджу афіцыйнага Менску. Аднак самае галоўнае тое, што пасля таго, як Лукашэнка зладзіў рэферэндум і перанёс свята, узнік такі раскол каштоўнасны, ідэйны ў беларускім грамадстве».

Навошта ж было абіраць супярэчлівую дату, а не пакінуць, скажам, папярэднюю нейтральную – 27 ліпеня, дзень абвяшчэння суверэнітэту Беларусі? Адказ… у асобе Лукашэнкі – мяркуе Аляксандр Класкоўскі:

«Па-першае, ён сам да глыбіні душы савецкі чалавек. І вось гэтая дата ў гонар Дэкларацыі аб суверэнітэце здавалася яму нейкай не такой, нацыяналістычнай. І вось другая прычына – якраз у тым, што тады ён разгарнуў барацьбу са сваймі ўнутранымі праціўнікамі: нацыяналістамі, БНФ ды іншымі – і таму ён ставіў крыж на іх сімвалах, руйнаваў іхныя дасягненні і, гэткім чынам, замацоўваў сваю ўладу».

«Белсат» выйшаў на вуліцы Менску ды запытаў мінакоў, калі лепш адзначаць Дзень Незалежнасці Беларусі:

«Я ўвесь свядомы ўзрост адзначаў 3 ліпеня. І таму, відаць, цяжка будзе перайсці на іншую дату».

«Мне, шчыра кажучы, усё адно, калі яго адзначаць».

«Было б, вядома, добра, каб было ўсёй Беларусі, а не аднаго гораду Менску, але як ёсць».

«25 сакавіка, я думаю. Таму што беларуская дзяржава ўпершыню была абвешчаная менавіта ў гэты дзень».

«Няма такога. У мяне, шчыра кажучы, нават сумневы ў незалежнасці Беларусі на сёння ёсць. Таму што гэта ўсё палітычныя гульні…»

І сапраўды, ці можна сур’ёзна святкаваць незалежнасць, калі ў мірным беларускім небе хай і ў межах параду сёння праляцяць баявыя самалёты суседняй дзяржавы, якая развязала і працягвае неабвешчаную вайну супраць яшчэ адной суседняй дзяржавы? Ды якая нават у сённяшнім віншавальным лісце да Лукашэнкі нагадала пра патрэбу працягваць паглыбленне гэтак званай інтэграцыі.

Валера Руселік, belsat.eu