На дваццаць дармаедаў – адно працоўнае месца. Беларусы патрабуюць адмяніць закон аб утрыманстве


За адмену скандальнага «дэкрэту аб дармаедах» выказваюцца літаральна ўсе, кажа лідар магілёўскага філіялу Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Шанцаў. Тутэйшыя актывісты правацэнтрысцкай кааліцыі ўжо каторы дзень збіраюць подпісы пад зваротам да мясцовых дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Каб тыя, урэшце, пачулі голас народу і ўсталі на яго абарону.

«Усе дэпутаты атрымаюць лісты з патрабаваннем правесці працу ў парламенце па адмене гэтага падатку. І, што самае галоўнае, мы лічым, каб дэпутаты яшчэ і адсправаздачыліся, якім чынам яны будуць здзяйсняць гэтую працу», – распавядае Уладзімір Шанцаў, сябра АГП.

Вакансіяў мала, а тыя, якія ёсць – з малымі заробкамі

Зрэшты, вакансіі ў мясцовым цэнтры занятасці ёсць, аднак прапанаваныя там заробкі куды ніжэйшыя нават за сярэднія па краіне.

«Недзе 2,5-3 мільёны старымі грашыма – ну, у нашай краіне сёння гэтага малавата будзе!», – кажа жыхарка Магілёву.

Між тым, нават наяўныя вакансіі дасяжныя не для ўсіх. Паводле статыстыкі, сёння дзяржава здольная ўладкаваць толькі 5 % ад тых, хто патрабуе працу.

Што рабіць тым, для каго працы няма?

«Калі б у людзей быў годны заробак, не трэба было б гэтага нічога ўводзіць. А людзей нашых паставілі на калені, каб яны як быдла здыхалі!».

«Людзям, якім патрэбная праца, а яе няма – і патрабуюць гэтыя грошы! А за што яны будуць жыць? І за што яны будуць плаціць?».

«Ёсць людзі, якія сапраўды не працуюць, а ёсць і хворыя…».

«Я ўсё жыццё спраўна плаціў падаткі. Усё жыццё з 18-ці гадоў я працую. І тут вось у мяне такое здарылася. Замест таго,што дзяржава павінна дапамагчы мне з тым жа пошукам працы – чаму я, чалавек з вышэйшай адукацыяй, павінен ісці працаваць дворнікам? – з мяне намагаюцца яшчэ і забраць?».

– падзяліліся апытаныя «Белсатам» жыхары інтэрнату № 5.

Слова за «народнымі абраннікамі»

На гэты момант актывісты перадалі подпісы дэпутатам Вользе Петрашовай і Ігару Марзалюку. Гэткія звароты ад грамадзянаў атрымаюць і Аляксандр Старавойтаў, Пётр Салаўёў ды Анатоль Хішчанка. Цяпер – слова за тымі, хто называе сябе «народнымі абраннікамі». Ну а народ, абазваны дармаедамі, і паглядзіць, як працуюць дэпутаты.

Юрый Салодкі, «Белсат», фота: Эрык Тайэр / Ройтэрз