Аб'ектыў 24.09.2019 На дарозе ёсць яміны, а ўлады кажуць, што няма дарогі


Кіламетр дарогі ад Менску да вёскі Ельніца мясцовыя жыхары просяць адрамантаваць ужо дзясяты год. Аднак мясцовыя ўлады адказваюць, што гэтай дарогі няма.

Па гэтак званай нічыйнай дарозе, якая звязвае Ельніцу з менскімі Шабанамі, вяскоўцы едуць у Менск і Вялікі Трасцянец: каля кіламетру выбоінамі. Можна ехаць у аб’езд, але гэта лішнія 15 кіламетраў. І гэта вялікая праблема для жыхароў вёскі Ельніца:

«На працу, у школу ездзім гэтай дарогай – гэта цяпер нельга, а калі зімой усё ў лёдзе, дык я днішчам чапляюся».

«Можа нам наш урад зробіць зніжку, і мы трактары набудзем на трактарным заводзе і трактарамі будзем ездзіць?»

«Я, да прыкладу, еду за рулём – я гляджу толькі, каб каго не збіць – вельмі цёмна, ніводнага ліхтара. Я прасіла электрыфікаваць дарогу, зрабіць пешую частку для дзяцей. Ці мы чакаем, каб здарылася няшчасце? Я не разумею чаго мы чакаем».

Вёска Ельніца размешчаная на шляху паміж мемарыяльным комплексам Трасцянец і спартовым комплексам «Стайкі». Таму па нічыйнай дарозе праязджаюць не толькі мясцовыя жыхары, але і турысты, кажа гаспадыня мясцовай аграсядзібы.

Наталля Дудава, гаспадыня аграсядзібы «Ельніца»:

«Я сваім турыстам даю веласіпеды, і яны гэтымі веласіпедамі едуць у краму – бліжэйшы маркет. Многія едуць у мемарыяльны комплекс Трасцянец – гэта толькі гэтай дарогай. І вельмі непрыемна стаяць, уціснуўшы плечы, і тлумачыць, чаму тут ёсць добры асфальт, які раптам заканчваецца», – распавядае Наталля Дудава, уладальніца аграсядзібы «Ельніца».

Жыхары Ельніцы кажуць, што сельскі выканкам на іхны зварот адказаў, што кавалак дарогі адносіцца да Заводскага раёну сталіцы, у адміністрацыі Заводскага раёну гэта зняпраўджваюць.

«Затым мы звярнуліся ў Менскі райвыканкам, ён адказвае, што да агракамбінату «Ждановічы» адносіцца. Агракамбінат адказвае, што да іх дарога не адносіцца і ў іх такой няма», – кажа жыхар Ельніца Мікалай Карпаў.

Паразмаўлялі з чыноўнікамі пра праблему нічыйнай дарогі і журналісты «Белсату»:

«Гэтая дарога ні ў каго на балансе не знаходзіцца – гэта, як поле, напэўна. Таму мы напісалі ліст, каб яе ўзялі на баланс Гораўтадару. Гэта прымаецца рашэннем, таму ня так усё хутка. Нейкае ж рашэнне прымуць, думаю, што людзей не пакінуць», – паведаміў Алег Шчыгаль, старшыня Навадворскага сельскага выканкаму.

Пакуль улады шукаюць дарозе гаспадара, жыхары Ельніцы жартам прапаноўваюць свае шляхі развязання праблемы:

«Я бяру гэты ўчастак дарогі сабе ва ўласнасць, паколькі паводле ўсіх папераў яна нічыйная і ні ў кога на балансе не знаходзіцца – бяру на сябе баланс. Цягам месяца прымаю ўсе заўвагі, а затым стаўлю два шлагбаўмы і раблю дарогу платнай. Калі не падабаецца плаціць – абʼязджайце за 15 кіламетраў – хоць лётайце», – заяўляе Мікалай Карпаў.

Як паведаміў Мікалай Карпаў, пасля сходу жыхароў і сустрэчы з журналістамі ўлады зрабілі чарговую спробу ўпарадкаваць дарогу, але да лепшага гэткае ўпарадкаванне нічога не змяніла.

Галіна Абакунчык belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары