На дарогу без тэхагляду


Чым далей, тым менш аўтамабіляў у Беларусі праходзяць тэхнічны агляд. Эксперты перакананыя: кіроўцы свядома ігнаруюць працэдуру з-за гэтак званага дарожнага падатку.

Беларускія аўтаўладальнікі ўсё радзей праходзяць тэхнічны агляд. Колькасць дазволаў на ўдзел у дарожным руху, выдадзеных за першую палову года, у параўнанні з аналагічным перыядам летась скарацілася больш як на траціну. Гэткія звесткі змешчаныя на сайце прадпрыемства «Белтэхагляд».

«Прывязваюць дарожны падатак да праходжання тэхагляду. Мне здаецца, трохі няправільна, таму што многіх людзей гэта адштурхоўвае», – кажа кіроўца Ігар.

Ігнараванне тэхагляду сапраўды звязанае з нежаданнем плаціць гэтак званы дарожны падатак. Аплачваць яго трэба адразу за ўвесь год, а калі аўтамабіль новы – за два.

«Напэўна, ёсць нейкая доля маленькая, калі ў людзей няма грошай. Але, на мой погляд, – гэта 5–7 %. Асноўная маса не праходзіць тэхагляд менавіта з прычыны грамадзянскага супрацьстаяння, непадпарадкавання гэтым рашэнням», – мяркуе галоўны рэдактар газеты «Аўтадайджэст» Анатоль Шаўчэнка.

Мыта за допуск да дарожнага руху ўвялі ў 2014 годзе. З таго часу колькасць аўтамабіляў з пройдзеным тэхаглядам штогод падае. Паводле ацэнак экспертаў, каля паловы машынаў сёлета на дарогах – без тэхагляду.

«Я не праходжу прынцыпова. Я машыну кожны год правяраю, абслуговаю. Звязана гэта з пошлінай, якую ўвялі. Адзін раз я заплаціў – выніку асабліва не пабачыў. Я не супраць плаціць гэта непасрэдна на дарогі, але яны відавочна туды не ідуць».

«Гэта ж бяспека на дарозе – лічу, што трэба праходзіць.

«Быў час, мы практычна не выязджалі, машына стаяла – таму што былі цяжкасці з фінансамі, мы не маглі заплаціць вялікую суму. Калі машына была да 10 гадоў, па-мойму, трэба было за 2 гады адразу заплаціць – было вельмі дорага», – кажуць аўтаўладальнікі.

Над змяненнем парадку аплаты транспартнага падатку ўлады працуюць з канца 2017 года. Сярод агучаных прапановаў – не прывязваць аплату да тэхагляду і даць магчымасць плаціць дарожны збор асобна за кожны месяц або ўключыць яго ў кошт паліва.

«Лепш за ўсё ўключыць у бензін – усе разумеюць, таму што праехаў – заплаціў. Але мы ведаем праблему – туды ўжо ўключана, другі раз уключыць нельга. Я ведаю, што на ўзроўні Міністэрства фінансаў гэта рашэнне было ў свой час заблакаванае: як можна двойчы ўзяць за адно і тое ж», – гаворыць Анатоль Шаўчэнка.

На пачатку ліпеня адвязаць дарожны збор ад тэхагляду распарадзіўся Аляксандр Лукашэнка. А тры тыдні таму міністр транспарту запэўніў, што гэта будзе зроблена бліжэйшым часам.

Анастасія Русецкая, «Белсат»