На чужым досведзе не навучыліся. Каронавірус ва ўніверсітэце ў Горадні


Вучыцца, як вядома, лепш на памылках іншых. Але Гарадзенскі аграрны ўніверсітэт не ўзяў прыкладу з навучальных установаў, якія перайшлі на дыстанцыйную працу.

Нягледзячы на тое, што ў некалькіх студэнтаў і выкладчыкаў выявілі КОВІД-19, аграрны ўніверсітэт працягвае працу ў звычайным рэжыме.

«Два выкладчыкі дакладна захварэлі, зусім нядаўна захварэў яшчэ адзін выкладчык. Пра захады бяспекі даўно ўжо трэба было паклапаціцца: усе ўніверсітэты перайшлі на дыстанцыйнае навучанне, а ў нас нічога не змянілася, і практыка ідзе, толькі фізкультуру адмянілі», – падзялілася студэнтка Гарадзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэту.

На флагмане гарадзенскай вытворчасці – «Горадня Азоце» – каронавірус выявілі ў 21-го працаўніка, дыягназ ВРВІ паставілі 74-ом асобам. Вось што нам распавялі працоўныя: «Есць, вядома ж, хворыя, але прытрымліваемся ўсяго: ёсць і антысептыкі, носім маскі ўвесь час».

«У нас кіраўніцтва сочыць за гэтым, увесь час патрабуе і прыклад падае – ходзіць кіраўніцтва ў масках і з нас патрабуе, мы стараемся».

Намеснік старшыні незалежнага прафсаюзу «Горадня Азот» распавёў, што працу арганізавалі такім чынам, каб не было вялікай канцэнтрацыі людзей, ды нават увялі дадатковыя аўтобусы для працаўнікоў : «Туды ўваход толькі ў масках, пільнуе кіроўца. І гэта вельмі правільна, бо азотаўцы перасякаюцца, а ў горадзе невядома, калі з першым кантактам сустрэнешся».

Ці гэтак жа абароненыя іншыя гарадзенцы? Ці не палохаюць іх звесткі пра чарговыя асяродкі інфекцыі ў горадзе? Да таго ж напярэдадні медыкі з інфекцыйнага шпіталю распавялі нам пра першую зафіксаваную ў Горадні смерць ад КОВІД-19.«Патрэбныя абмежавальныя захады, тады было б больш эфектыўна, а так пусцілі на самацёк».

«Каранцін, вядома, патрэбны!»

«Межы трэба было своечасова закрыць».

«Яны цяпер зразумелі, што гэта ўсё разыходзіцца. Трэба было прыкрыць усю гэтую справу».

«Я ў яго не веру… у каронавірус».

Але ён ёсць! У Беларусі зарэгістравалі блізу 27 тысяч чалавек з дыягназам каронавірусная хвароба і 151 лятальны вынік. Больш за 8 тысяч чалавек ачунялі. Некаторыя з перахварэлых на КОВІД-19 сталі донарамі плазмы.

«Гэта для мяне няцяжка. Ці доўга я разважала? Не разважала! Я, як пачула, адразу прыйшла, бо гэта трэба», – кажа донарка плазмы Кацярына Русак.

Аднак дасюль плазмы трэба значна больш, чым медыкі ў стане нарыхтаваць.

«Тых, хто вылечыўся, пакуль не так і шмат, а тых, хто з іх можа быць донарам, яшчэ менш», – кажа Антон Свірскі, начальнік мабільнага аддзялення банку крыві.

Ёсць у краіне і тыя, хто падчас эпідэміі і сам не беражэцца, і пра іншых не думае. Гэтак, жыхар Маладзечна тройчы парушыў рэжым самаізаляцыі. За пасядзелкі з сябрамі на лавачцы ён мае заплаціць амаль 2900 рублёў штрафаў.

Вольга Старасціна, «Белсат»

Фота вокладкі: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum