На Берасцейшчыне і Гарадзеншчыне з‘явіліся стэлы ў межах кампаніі «Каліноўскі-2019»


Ушанаваць памяць змагароў за Беларусь часу паўстання 1863-га–64-га гадоў пастанавіла не дзяржава, а актывісты.

«Я ўжо казаў, і не раз, што гэтую справу павінная рабіць дзяржава. Дзяржава павінная апекавацца сваймі героямі. Натуральна, беларуская дзяржава. На жаль, мы жывем зараз у тым часе, калі беларускай дзяржаве беларускія героі не патрэбныя. Тады за гэта возьмецца грамадства» – кажа грамадскі актывіст Вітольд Ашурак.

Вось грамадства, у асобах актывістаў, і распачало кампанію «Каліноўскі-2019». Нагодаю сталася перапахаванне парэштак паўстанцаў у Вільні сёлета. Адзін з ініцыятараў кампаніі «Каліноўскі – 2019» Вадзім Саранчукоў распавядае:

«У Вільні на замкавай гары былі знойдзеныя парэшткі Кастуся Каліноўскага ды астатніх паўстанцаў. У гэтым годзе яны будуць перапахаваныя. Але, на нашае меркаванне, беларуская дзяржава не займаецца шчыльна так, як павінна займацца памяццю сваіх герояў. Таму мы распачалі грамадскую кампанію, якая ўключае вельмі шмат актыўнасцяў».

Сярод гэтых актыўнасцяў – вершаваны марафон, а таксама ўсталяванні памятных знакаў у іншых месцах, звязаных з паўстаннем. Напрыклад, у гэтым лесе на Гарадзеншчыне быў пастаўнцкі табар. Перапахаванне парэштак каліноўцаў – добрая нагода для такіх ініцыятываў. Між тым ідэя ўшанаваць герояў з’явілася раней, кажа грамадскі актывіст Сяргей Пантус:

«Два гады таму з’явілася такая ідэя ў нас: шукаць новыя месцы баёў, пахаванняў, лагераў паўстанцаў. І важна памятаць сваю гісторыю. Таму што калі не будзе повязі пакаленняў, мы проста не будзем мець будучыні. А менавіта на гэтым выхоўваецца патрыятызм, любоў да краіны, да радзімы, да народу свайго».

Акрамя гэткіх далёкасяжных планаў, як выхаванне патрыятызму, актывісты маюць і куды бліжэйшыя: сваймі захадамі прыцягнуць як мага больш беларусаў у Вільню, беспасярэдне на цырымонію перапахавання Кастуся Каліноўскага. Вадзім Саранчукоў распавёў:

«Мы абсалютна перакананыя, што лагічным фіналам гэтай кампаніі стане прыезд у Вільню на мерапрыемства для ўшанавання і перапахавання паўстанцаў вялікай колькасці беларусаў. Мы вельмі спадзяемся, што гэта закране тысячы і тысячы патрыётаў з усёй краіны»

Урачыста перапахаваць парэшткі Кастуся Каліноўскага ды іншых паўстанцаў плануюць 2-га лістапада ў Вільні. Цікава: менавіта дзякуючы неабыякавым актывістам, а ня ўладам нашае дзяржавы, надпісы на надмагіллях будуць ня толькі па-літоўску ды па-польску, але і па-беларуску.

Ян Вярбіцкі, «Белсат»