Аб'ектыў 10.09.2019 На «Белсаце» стартаваў новы тэлесезон


А гэта значыць, што ў эфіры ды інтэрнэце з’явіліся новыя серыі любімых праграмаў. Чаго чакаць на тэлеканале, інтэрнэт-старонцы ды ў сацсетках – распавядзе Ірына Дарафейчук.

Новы сезон на «Белсаце» распачаўся. «Белсат» пашырае сетку журналістаў не толькі ў Беларусі, але і ў Расеі ды Украіне, адзначае кіраўнік рэдакцыі інфармацыі Зміцер Ягораў:

«Будзе студыя, студыя будзе сапраўды крутая, гэта я абяцаю і гарантую, будуць новыя праграмы, самыя гарачыя каментары, будуць навіны і трошкі аналітыкі, гэтага не будзе бракаваць на «Белсаце». І адно з самых важных – «Аб‘ектыў» – вечаровыя навіны, гэта адна з самых флагманскіх праграмаў, яна таксама будзе развівацца, і мы спадзяемся, што яна будзе даспадобы гледачам».

У эфір тэлеканалу вяртаюцца праграмы, што былі ў адпачынку ўлетку.

«Новыя тэмы ў «Кожны з нас», новыя расследаванні ў Стася Івашкевіча, класныя праграмы «Intermarium» і «Лабірынты». Мы абмяркоўвалі на праграмнай калегіі прэм’еры дакументалістыкі, якой мы асабліва ганарымся. «Белсат» – адзін з найбуйнейшых незалежных вытворцаў беларускай дакументалістыкі, і неўзабаве адбудзецца прэмʼера новага фільму Андрэя Куцілы – толькі на «Белсаце». Таму запрашаем», – кажа праграмная рэдактарка «Белсату» Стэфанія Кавалеўская.

Асаблівую ўвагу гэтаю восенню «Белсат» аддае перапісу насельніцтва, адзначае кіраўнік аддзелу прамоцыі Лукаш Бырскі:

«Абавязкова будзе вельмі цікавая кампанія «Беларускамоўны», дзе мы будзем заахвочваць нашых гледачоў і не толькі гледачоў адзначыць беларускую мову роднаю на перапісе насельніцтва, які будзе праходзіць у кастрычніку».

Тэме перапісу насельніцтва будуць прысвечаныя і першыя ў новым сезоне выданні праграмы «Мова нанова».

«Мы вырашылі знайсці незвычайных для нашай праграмы гасцей, гэта людзі, якія не гавораць 100 % свайго жыцця на беларускай мове, але любяць беларускую мову, адзначаць яе на перапісе як родную і раскажуць, чаму яны так зрабілі», – распавядае аўтар і вядоўца праграмы «Мова нанова» Глеб Лабадзенка.

Вяртаюцца ў эфір гумарыстычныя і сатырычныя праграмы.

Аўдыторыя «Белсату» несупынна расце. Паводле вынікаў анкетавання кампаніі «MIA Research», «Белсат» глядзяць 13 адсоткаў апытаных у розных пунктах Беларусі. А каналы «BELSAT NEWS» і «ВОТ ТАК» – уладальнікі «Срэбных кнопак» YouTube за 100 тысяч падпісантаў.

«Сачыце за намі ў сацсетках, глядзіце нашыя перадачы, дзяліцеся сваймі праблемамі ды заставайцеся з «Белсатам», – запрашае Сцяпан Святлоў, блогер NEXTA, аўтар «Субʼектыву».

А мы, журналісты «Белсату», пастараемся зрабіць так, каб вы не пашкадавалі пра свой выбар.

Ірына Дарафейчук belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары