У суседзяў Беларусі – эпідэмія грыпу

У Беларусь прыйшоў грып, але лекары не чакаюць эпідэміі. Амаль палова насельніцтва Беларусі на пачатку сезону робіць прышчэпкі ад вірусу. Горш выглядае сітуацыя ў нашых суседзяў – і на поўначы і на поўдні, дзе эпідэмія забірае жыцці людзей.

Хварэюць ледзь не ўсе суседзі! У сярэдзіне студзеня эпідэмія грыпу абвешчаная ў Латвіі – там памерла ўжо 17 асобаў. У суседняй Літве – 10 ахвяраў грыпу, і эпідэмія ахапіла ледзь не чвэрць краіны. У Бранску толькі на мінулым тыдні захварэлі амаль 7 тысячаў чалавек. Але найгоршая сітуацыя – у нашых паўднёвых суседзяў.

Ва Украіне абвешчаная эпідэмія ў суседніх з Гомельшчынаю Чарнігаўскай ды Жытомірскай вобласцях. З пачатку эпідэмічнага сезону ў краіне ад грыпу ды іншых рэспіратарных інфекцыяў памерлі ў чатыры разы болей асобаў, чымся за ўвесь мінулы год.

Аляксандр Грыневіч, экс-дырэктар Усеўкраінскага цэнтру грыпу:

«Калі хворы пастанавіў сам сябе лекаваць і зацягвае зварот да доктара, гэта, як правіла, можа выклікаць цяжкія ўскладненні, якія, мы бачым, і ў гэтым годзе ва Украіне ёсць. Станам на гэты тыдзень колькасць смяротных выпадкаў і сярод дзяцей, і сярод дарослых у нас ужо 28».

Як паведамляе Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі па выніках лабараторных даследаванняў адзначаюць спарадычныя выпадкі захворвання на грып, вылучаюцца вірусы грыпу А (H1N1, H3N2). Агулам карціна выглядае спакойна.

Міністэрства аховы здароўя:

«У Рэспубліцы Беларусь адзначаецца сезоннае захворванне на вострыя рэспіратарныя інфекцыі і характарызуецца нізкай інтэнсіўнасцю. Сярод тых, хто захварэў, пераважае дзіцячае насельніцтва – 69,8 %. Захворванне абумоўлена пераважна вірусамі не грыпознай этыялогіі».

Вірус грыпу вызначаюць толькі лабараторным спосабам, які рэдка праводзіцца, а без гэтага дактары ставяць дыягназ ВРВІ. Здароўе ж беларусаў тлумачаць высокім адсоткам вакцынацыі. Паводле Міністэрства аховы здароўя, прафілактычныя прышчэпкі супраць грыпу ў гэтым сезоне ахапілі каля 40 адсоткаў насельніцтва Беларусі, сярод іх – 55 % дзяцей. Тыя ж, хто захварэў, часта не звяртаюцца да лекараў ды абіраюць самалекаванне.

«Да лекараў не хаджу, лекуюся хатнім лячэннем: часнычок, цыбуля, цёплы ложак. Ножкі мачу ў цёплай ванначцы. Давяраю гэтаму больш».

«Гарбата з гарэлкай мне падабаецца, бальзамчык».

«Больш сам неяк. Але я вайсковец, мы, у прынцыпе, не хварэем».

«Ужо часта правяраю тэмпературу. Бо ўжо сябе кепска адчуваю, і п’ю нейкія лекі, там АЦЦ. Зараз складана з гэтым. – А да лекараў звяртаецеся? – Пакуль не дайшла», – распавядаюць жыхары Менску.

Сёлетні штам – каварны, ён можа прымаць больш цяжкія формы: можа развівацца судзінавы калапс, ацёк мозгу, далучаюцца другасныя бактэрыяльныя ўскладненні, якія могуць прывесці да смерці. Таму пры першых сімптомах хваробы важна пракансультавацца з доктарам і выконваць усе рэкамендацыі; вытрымліваць пасцельны рэжым; максімальна абмежаваць кантакты; праветрываць памяшканне; лекі ўжываць толькі па прызначэнні лекара.

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел, belsat.eu

Глядзі таксама