На «Bass race» у Менску памераліся сабвуферамі


Неабмежаваны гукавы ціск і пакуль што нязвыклы для нашай краіны аўтагукавы спорт. Больш за трыццаць аматараў магутных сабвуфераў з усёй Беларусі сабраліся ў Менску, каб вызначыць, хто ж з іх самы гучны.

«Заязджае аўта, на лабавое шкло вешаецца датчык, які падключаны да ноўтбука. Уладальнік цягам 30 секундаў мае паказаць максімальны вынік. Хоць адну секунду і сістэма яго зарэгіструе, і, хто грамчэйшы, той і перамог», – распавядае Андрэй Семавін з Беларускай лігі аўтагуку.

«Мы ў Расеі перамаглі ды ў Беларусі пераможам у класе, дзе ўлічваецца не толькі гукавы ціск, але і якасць інсталяцыяў і гуку, тут прафесійны падыход да справы. Што да гэтай імпрэзы, то тут адныя аматары, і таму хочацца вывезці гэта на больш высокі ўзровень», – распавядае ўдзельнік Іван Слабейка.

Фэст «Bass race» ладзіцца ўжо другі раз запар, а месцам правядзення сёлета стала сталічная пляцоўка на вуліцы Кастрычніцкая. Адмысловыя конкурсы з прызамі арганізатары зладзілі і для простых гледачоў.

«Белсат»