Аб'ектыў 12.06.2017 «На артыстаў марнуем $ 90 тыс., а пачысціць возера няма грошай». Правяраем чысціню Грабянёўскага возера ў Магілёве


Кожны магілёвец ведае, што ў Святым, або – афіцыйна – Грабянёўскім возеры купацца забаранялі цягам апошніх трох гадоў. Цяпер у межах рыхтавання да купальнага сезону санітарныя службы правялі даследаванні, і самае папулярнае месца адпачынку ў Магілёве зноў з’явілася ў спісе дазволеных для купання месцаў. Але гараджане заходзіць у ваду не спяшаюцца, і не праз кепскае надвор’е.

Па выніках правярання, цяпер вада ў Святым возеры бяспечная, але вадаёму насамрэч ніхто не чысціў. Дазвол жа купацца эколагі тлумачаць проста:

«Вясна была халоднай, арганікі ў вадзе няшмат. Людзі не адпачывалі, можа птушак паменшала з нейкіх прычынаў, – кажа Ганна Скрыган з «Экадому». – На пачатку сезону напэўна ў пробах вады няма ўзбуджальнікаў інфекцыйных захворванняў».

Берагі ды дно возера моцна забруджаныя, у вадзе плаваюць смецце ды водарасці. Людзі наракаюць на качак і мартыноў, або чаек, але адмыслоўцы бачаць цэлы комплекс праблемаў: тут і стаячая вада, і няўлічаныя выкіды з каналізацыі ці ачышчальных збудаванняў, і прыватны сектар на беразе, і дарога побач.

Два гады таму перад пачаткам сезону мясцовыя грамадскія кампаніі збіралі подпісы пад лістом да гарадскіх уладаў з патрабаваннем прывесці возера ў адпаведны стан.

«Мы сабралі 6,5 тысячаў подпісаў з патрабаваннем ачысціць возера. Мы маглі і больш сабраць але час падціскаў, сезон пачынаўся. Прайшло два гады – ніякіх вынікаў», – кажа грамадскі актывіст Уладзімір Шанцаў.

Тады адказ мясцовых уладаў на запыт актывістаў быў традыцыйны: горад не мае грошай пачысціць вадаём. Цяпер сродкаў пагатоў няма – Магілёў рыхтуецца да 750-годдзя.

«Мы бачым як расходуюцца сродкі. На заезджых артыстаў марнуем $ 90 тыс. за 10 песень, а пачысціць возера няма грошай», – кажа Шанцаў.

Так што купацца ў Святым возеры можна толькі цяпер, пакуль вада халодная. Як толькі прыйдзе сапраўдная спякота – пробы зноўку ў шмат разоў перавысяць усе нормы.

Ірына Дарафейчук

Глядзі таксама
Каментары