На Акрэсціна сотні новых зняволеных


Каля ізалятару на вуліцы Акрэсціна – чарговая хваля наведнікаў: толькі ў Менску ўчора былі затрыманыя каля трохсот асобаў. Шмат хто з людзей не ведае, дзе іхныя родныя і сябры.

Затрыманага Рамана Сіліча – сірату, студэнта і спартоўца – прыйшоў шукаць ягоны трэнер у шахматах, але ў менскай турме не знайшоў.

«Кажуць, што, нібыта, у Жодзіне – гэтак спрабую знайсці свайго працаўніка. Мы людзі мірныя – шахматысты, але мы ўсё разумеем і гэткіх дзеяў не ўхваляем. З людзьмі трэба па-людску, а гэтак – нельга. Народ гэтага не забудзе», – кажа спадар Павел.

Пра лёс сваіх родных і сяброў, які не вярнуліся дадому пасля мірнага пратэсту, не ведала большасць людзей, што прыйшлі сёння пад сцены ізалятару.

«Я шукаю свайго маладога чалавека, які ўчора катаўся на скейце на Нямізе. Яго забралі, забралі скейт і выкінулі ў сметніцу. Але знайшліся людзі, якія ўзялі скейт і аддадуць. Я шукаю яго, але кажуць, што тут яго ўсё яшчэ няма, не ведаем, дзе ён, і шукаем яго», – паведаміла сяброўка затрыманага Анастасія Фішман.

«Забралі ўчора сяброўку маю з плошчы Якуба Коласа каля 16:00 – яны прыпаркавалі аўта і завезлі іх у Савецкі РУУС. Там нам не гаварылі, дзе яны, нават адмаўлялі, што яны там затрыманыя, хоць мы іх бачылі».

Знайсці сваіх родных сваякам дапамагаюць валанцёры, якія цэлымі соднямі працуюць каля турмы амаль два месяцы. Яны кажуць, што пасля масавых затрыманняў патрэба ў дапамозе павялічваецца, – кажа сябар затрыманай Антон Крук.

«Ёсць тыя, хто прыходзіць першы раз – і вельмі хвалюецца. Ёсць тыя, хто трымае сябе ў руках. Ёсць тыя, хто прыходзіць не першы раз і разумее, што гэта – як норма жыцця – гэта страшна, гэта вельмі страшна», – дзеліцца ўражаннем валанцёрка Варвара.

Паводле праваабаронцаў, у Менску ды іншых гарадах адбыліся стыхійныя сходы пасля патаемнай інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі. Паводле міжнародных стандартаў – гэта азначае права грамадзянаў выказаць сваю пазіцыю тут і цяпер. Таму чарговае гвалтоўнае здушэнне мірнага волевыяўлення грамадзянаў не мела падставаў.

«Затрыманні былі брутальныя і жорсткія, аўтамабілі білі – абсалютна нематываваная жорсткасць. Фізічная сіла павінна ўжывацца прапарцыйна. А біць аўта ў выглядзе помсты і запалохвання – гэта тэрор. Гэта не мае ніякага дачынення да законных дзеянняў сілавых органаў», – сцвярджае праваабаронца «Вясны» Алег Пашкевіч.

Праваабаронцы «Вясны» паведамляюць, што пасля дня галасавання на прэзідэнцкіх выбарах 9 жніўня ў Беларусі людзей затрымлівалі 5 тысяч разоў.

Галіна Абакунчык, «Белсат»