«На АЭС выязджайце! Там трэці і чацвёрты блок, гарыць дах!» 33 гады чарнобыльскай трагедыі


Чарнобыльская катастрофа – буйнейшая ў гісторыі атамнай энергетыкі. У ноч з 25 на 26 красавіка ў выніку выбуху быў цалкам знішчаны рэактар чацвёртага энергаблоку Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі.

«На атамную станцыю выязджайце! Там трэці і чацвёрты блок, гарыць дах!»

Найбуйнейшая тэхнагенная катастрофа ў гісторыі чалавецтва. Каля 4 тысяч загінулых ад апраменьвання, больш за 130 тысяч вымушаных перасяленцаў, да пяці мільёнаў пацярпелых ад катастрофы. Ліквідавалі яе наступствы каля шасцісот тысячаў чалавек, сярод якіх быў і Валерый Пяцько:

«Адчуванне было страшэннае. Таму што, нягледзячы ні на што, усе апусцелі сёлы, выбітыя шыбы, усё кінутае. Было цяжкае пачуццё прыгнечанасці».

Першыя тры дні савецкія ўлады замоўчвалі трагедыю. Потым факт аварыі на Чарнобыльскай АЭС прызналі, аднак шакавальныя падрабязнасці высветліліся нашмат пазней. Сяргей Папкоў, намеснік старшыні КХП БНФ гаворыць:

«Ганебна тое, што нават шараговыя кіраўнікі прадпрыемстваў, хоць і ведалі пра чарнобыльскую падзею, але работнікам не казалі. На 1 траўня выйшлі дзеці на дэманстрацыю – гэта проста жах».

І тагачасныя ўлады не толькі не паведамілі людзям пра неабходныя захады абароны, але і павярнулі сітуацыю такім чынам, што менавіта Беларусь найбольш пацярпела ў выніку чарнобыльскай катастрофы. Непасрэдна пасля выбуху рэактара вецер пагнаў радыеактыўна забруджаныя хмары з Прыпяці ў бок Расеі. Аднак уся небяспека для Масквы ў савецкі час ліквідавалася любым коштам.

«Уся гэтая чарнобыльская атрута была нават асыпаная расейскімі вайсковымі лётчыкамі на Беларусь. Карма, Ветка, Слаўгарад, Краснаполле – расейскія летакі асаджвалі туды чарнобыльскі попел», – распавядае Сяргей Папкоў, намеснік старшыні КХП БНФ.

У Беларусі ў тыя дні стаяла цёплае надвор’е, таму людзі гулялі пад адкрытым сонцам, ды не пабаяліся цёплага дажджу, які прайшоў пасля чарнобыльскай аварыі. Ніхто і не падазраваў, што гэта не простыя ападкі.

«Улады мусілі неяк забяспечыць паведамленні, як людзі павінны сябе паводзіць, абараняцца ў гэтай сітуацыі, як абараняць сваіх дзяцей», – кажа Валерый Пяцько, ліквідатар аварыі на ЧАЭС.

А гэтага зроблена не было. Беларусы тыя дні і дагэтуль згадваюць з жахам:

«Мы даведаліся не ў той дзень, а нашмат пазней. А так пачулі – адна баба сказала. Жах быў, жах».

«Страшнавата, канечне. І шкада – людзі загінулі. Вось людзей шкада».

«Вядома, гэта была трагедыя такая. Таму што ўрад тагачасны нічога не паведаміў – тры дні маўчалі».

«Гэта жахліва. Я лічу, што кранула гэта кожнага чалавека».

Змаганне за раскрыццё ўсёй праўды аб трагедыі пачаў менавіта Беларускі Народны Фронт. У траўні 1990-га дэпутаты БНФ запатрабавалі расследаваць абставіны хавання інфармацыі аб чарнобыльскай катастрофе. За год да гэтага адбыўся першы «Чарнобыльскі шлях». Паводле мастака Алеся Марачкіна, першым ідэю гэтага шэсця прапанаваў Зянон Пазняк:

«Пасля Чарнобыля тое, што замоўчвалася гэтая трагедыя, – гэта быў першы крах камуністычнага рэжыму. Гэта была вялікая ідэалагічная трэшчына ў ім. Што на 1 мая людзі хадзілі са сцяжкамі, маўляў, усё нармальна, усе пляшуць ды спяваюць. Гэта таксама было супраць улады».

Вось ужо амаль 28 гадоў няма краіны Саветаў, даўно зачыненая Чарнобыльская АЭС, але больш як 30 тысяч квадратных кіламетраў беларускай зямлі дагэтуль застаюцца забруджаныя радыяцыяй.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu