На адзінага кандыдата прэтэндуюць шэсць актывістаў


На адзінага кандыдата ад апазіцыі ў прэзідэнцкай кампаніі прэтэндуюць шэсць палітычных актывістаў. Гэткім стаў вынік першага этапу кампаніі «Народнае галасаванне», або праймарыз, якую праводзяць пяць апазіцыйных палітычных партыяў. Напярэдадні скончыўся прыём заявак ад патэнцыйных удзельнікаў прэзідэнцкай гонкі. Адначасна чальцы апазіцыі заяўляюць, што выбараў у Беларусі няма, а некаторыя называюць удзел у кампаніі – шкодным для беларускага грамадства.

Чатыры прадстаўнікі палітычных партыяў і два кандыдаты-самавылучэнцы заявілі пра намер распачаць змаганне за права стаць адзіным кандыдатам ад апазіцыі на ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі. Напярэдадні скончыўся прыём заявак, і гэтым быў завершаны першы этап кампаніі «Народнае галасаванне» для вылучэння адзінага, якую праводзіць аб’яднаная апазіцыя ў складзе пяці палітычных партыяў. Разам з адзіным удзел у далейшай прэзідэнцкай гонцы плануюць браць таксама чальцы іншых дэмакратычных структураў, не зважаючы на тое, што ўсе адкрыта прызнаюць: выбараў у Беларусі няма.

Сярод шасці заяўнікаў – чатыры лідары – вылучэнцы ад партый: Юрась Губарэвіч, Мікалай Казлоў, Аляксей Янукевіч і Павел Севярынец. Самастойна – праз 200 подпісаў – зарэгістраваліся Ганна Канапацкая і Вольга Кавалькова, гатовыя змагацца за перамогу ў выбарчай гонцы.

«Я нацэленая на перамогу, і таму нельга казаць, што не будзе таго моманту, калі кожны будзе пераконваць, які ён лепшы за іншага. Але я не бачу тут ніякіх праблем, улічваючы, што дэмакратычная супольнасць дамовілася, падпісала пагадненне, усе гатовыя працаваць разам і аб’ядналіся дзеля таго, каб быў адзін кандыдат ад апазіцыі», – кажа Вольга Кавалькова, сустаршыня БХД.

Супрацьлеглага меркавання – не браць удзелу ў выбарах і не падвышаць яўкі на выбарчых участках – трымаюцца прадстаўнікі ініцыятывы «Свежы вецер». Бо «выбараў у Беларусі няма» – заяўляюць актывісты. Да заклікаў байкатаваць галоўную электаральную кампанію яны рыхтуюць і практычныя захады.

«На другую палову года мы будзем рыхтаваць стратэгію актыўнага байкоту гэтых выбараў і актыўнага зрыву. Каб цяперашні самаабвешчаны кіраўнік дзяржавы не змог пераабрацца і каб у краіне паўстаў крызіс улады, які пачне сапраўдны дыялог гэтай улады з грамадствам», – паведаміў прадстаўнік кампаніі «Свежы вецер» Міхась Янчук.

Пра адсутнасць праўдзівых выбараў заяўляюць усе прадстаўнікі дэмакратычных сілаў. Тым ня менш, удзельнічаць у прэзідэнцкай гонцы маюць намер таксама іншыя незалежныя кандыдаты. Сярод іх – лідар прафсаюзу Аляксандр Ярашук. Ён перакананы, што сёлетняя прэзідэнцкая кампанія істотна адрозніваецца ад мінулых гадоў і не на карысць цяперашняга кіраўніка краіны.

«Зараз у яго выбар паміж дрэнным і вельмі дрэнным. І «вельмі дрэннае» – гэта браць удзел у выбарах – так складаецца сёння сітуацыя. І гэта не маё асабістае ўяўленне, але сур’ёзнае вывучэнне сітуацыі з удзелам многіх аналітыкаў і з розных месцаў. І таму ў мяне асабіста інтарэс да ўдзелу ў кампаніі ёсць».

Сярод галоўных праблемаў для ўдзелу незалежных кандыдатаў у прэзідэнцкай кампаніі – неабходнасць сабраць сто тысячаў подпісаў. І такі шанец аналітыкі бачаць толькі ў аб’яднанай апазіцыі, але далейшай хады падзеяў не прагназуюць, – кажа лідар Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук.

«Не выключана, што адзінага кандыдата Лукашэнка ўвогуле можа не зарэгістраваць – тут розныя варыянты ёсць. Розныя варыянты могуць прапанаваць лідары апазіцыі – што патрэбна рабіць у такія перыяды: ці арганізоўваць масавыя акцыі ў момант рэгістрацыі ці ў іншыя перыяд – ёсць многія варыянты, якія цяпер цяжка прагназаваць», – кажа палітолаг Валер Карбалевіч.

«Народнае галасаванне» назаве кандыдатаў на далейшы ўдзел 4 сакавіка. З 6 сакавіка прэтэндэнты на адзінага распачнуць наступную частку кампаніі – сустрэчы з грамадзянамі ў рэгіёнах краіны.

Галіна Абакунчык, «Белсат»